19 чэрвеня адбыўся працяг разгляду адміністрацыйнай справы Сяргея Калмыкова. Суддзя вярнула матэрыялы адміністрацыйнай справы ў РАУС.
Паседжанне ў судзе Ленінскага раёна доўжылася тры хвіліны. Суддзя Ларыса Барэль вярнула матэрыялы адміністрацыйнай справы ў РАУС. «Цяпер невядома, ці пратаколы пра нібыта здзейсненыя Калмыковым правапарушэнні будуць перапісаныя наноў, ці справа будзе спынена», — паведамляюць праваабаронцы.
Адміністрацыйны працэс у дачыненні да Сяргея Калмыкова пачаўся 17 чэрвеня. Сведкі - супрацоўнікі АМАПу Сяргей Клыжук і Алег Лычагін — распавялі, што Калмыкова затрымлівалі ў сувязі з сітуацыяй, якая адбываецца на Савецкай плошчы. Яны патлумачылі, што Сяргей падаўся ім удзельнікам падзей. Пры затрыманні хлопец нібыта супраціўляўся і лаяўся нецэнзурна.
Што адбылося?
Увечары 29 траўня Сяргей са сваёй дзяўчынай (з 12 чэрвеня жонкай) Ірынай прыехалі на Савецкую плошчу, каб паставіць подпіс за вылучэнне прэтэндэнтаў у прэзідэнты Беларусі. У той дзень на плошчы збіралі подпісы адразу за некалькіх прэтэндэнтаў. Паставіць свае подпісы пара не паспела — на пікеце пачаліся затрыманні. Сяргей кажа, што нічога супрацьпраўнага не рабіў, але яго затрымалі і на наступны дзень перавезлі ў Мінск. Спачатку яго трымалі ў ізалятары часовага ўтрымання, а пасля ў СІЗА № 1.
Сяргея адпусцілі 5 чэрвеня. Ён вярнуўся ў Гродна. 15 чэрвеня Сяргею прыйшла позва ў суд. У дачыненні да яго распачаты адміністрацыйны працэс па артыкулах 17.1 (дробнае хуліганства) і 23.4 (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі) КаАП.
Што адбылося ў Гродне ў дзень візіта Ціханоўскага?
У Гродне затрымалі палітычных актывістаў. Увечары 29 траўня на пікеце падчас збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую адбыўся інцыдэнт, у выніку якога блогера Сяргея Ціханоўскага і некаторых яго прыхільнікаў затрымала міліцыя. Сярод затрыманых — сябра ініцыятыўнай групы Дзмітрый Фурманаў. Удзельніцу верагоднай правакацыі супраць Ціханоўскага апазналі ў сацсетках.
Затрыманні працягнуліся на наступны дзень. 30 траўня затрымалі актывіста Мікалая Саляніка, які днём раней вёў перамовы з кіраўніцтвам міліцыі і спрабаваў даведацца, за што быў затрыманы і дзе знаходзіцца Ціханоўскі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» склаў спіс затрыманых у Гродне. Частку з іх перавезлі ў Мінск.
Гэта не спыніла ініцыятыўную групу Ціханоўскай. Афіцыйна было заяўлена, што падчас інцыдэнту пацярпеў міліцыянт. Узбуджаная крымінальная справа па факце гвалту ў адносінах да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў. Нягледзячы на гэта, на наступныя дні да пікету Святланы Ціханоўскай выстраіліся чэргі — людзі стаялі, каб аддаць подпіс, нават пад дажджом.
Праваабаронцы прызналі Сяргея Ціханоўскага і іншых затрыманых у Гродне палітычнымі вязьнямі.
У выніку пад удар патрапілі і выпадковыя людзі. Увечары 29 траўня ў сацсетках пачалося цкаванне выпадковага чалавека, якога прынялі за супрацоўніка органаў у цывільным, які ўдзельнічаў у затрыманні ў Гродне. У дзяржаўных СМІ з другога боку пачалося цкаванне 81-гадовай пенсіянеркі Галіны Філіпаўны, якая падчас стрыму з Савецкай плошчы выказалася супраць Лукашэнкі і ў падтрымку Ціханоўскіх. Пенсіянерку Станіславу Дамшэль, якая 29 траўня таксама была на Савецкай, абвінавацілі ў дробным хуліганстве, але яна не пусціла міліцыю да сябе дадому. Выпадковыя людзі былі і сярод затрыманых на плошчы.