На судзе над сабой Павел Севярынец расказаў, што знаходзіцца ў карцары Ізалятара часовага ўтрымання і ўскрыў сабе вены ў знак пратэсту супраць катаванняў палітзняволеных там, піша n*.by.
Пра гэта расказаў у сябе ў фэйсбуку сябар палітвязня Аляксей Шэін.
«На судзе над Паўлам Севярынцам. Суд ідзе па скайпу. Павел заявіў, што знаходзіцца ў карцары ІВС у бесчалавечных умовах. Сказаў, што ў знак пратэсту супраць катаванняў яго і іншых палітычных, якія знаходзяцца там жа, давялося ўскрыць вены», — піша Шэін.
Севярынца затрымалі 7 чэрвеня пасля пікета на Камароўцы ў падтрымку Святланы і Сяргея Ціханоўскіх. На наступны дзень ён быў асуджаны на 15 сутак.
Пазней ягоная жонка Вольга Севярынец паведаміла, што палітыку налічылі дадатковыя суткі — так, каб ён не выйшаў з-за кратаў да самых прэзідэнцкіх выбараў.
«Сёння пазваніў чалавек, які сядзеў з Паўлам і сказаў, што Паўлу далі яшчэ 2 пратаколы па 15 сутак — агулам атрымліваецца 75 сутак [у яго былі не „адбытыя“ з зімы суткі, пасля акцый супраць паглыблення інтэграцыі з Расіяй — НН]».
Вольга піша, што ў мужа забралі ўсе рэчы, у тым ліку зубную шчотку, цёплую вопратку, сродкі гігіены, а таксама ўжо два разы адпраўлялі ў карцар, дзе вельмі халодна. «Паша просіцца, каб перадалі перадачу хоць нейкую, але мы не можам гэтага зрабіць, бо перадачы не прымаюць», — паскардзілася яна.
43-гадовы Павел Севярынец — кіраўнік Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, незарэгістраванай апазіцыйнай палітычнай партыі.
Акрамя таго, ён вядомы як пісьменнік і публіцыст. У Паўла Севярынца дома застаецца 2-гадовы сын.