Навіны

Загадчыца гродзенскага садка № 96 звярнулася ў міліцыю: абражаюць і пагражаюць

Загадчыца дзіцячага сада № 96 у Гродне Святлана Янчанюк, якая раніцай 17 чэрвеня прыходзіла з праверкай да Віталіі Навумік, звярнулася ў міліцыю. Ёй тэлефанавалі з абразамі і пагрозамі.

Пра гэта Віталія даведалася ад участковага падчас візіту ў дзіцячы сад у той жа дзень.

Што адбылося?

Супрацоўнікі садка прыходзілі да сям'і Навумік у сувязі з тым, што муж Віталіі Уладзімір Навумік быў затрыманы на Савецкай плошчы 29 траўня і знаходзіцца ў мінскім СІЗА № 1. Віталія распавяла Hrodna.life, што ў размове выхавальнікі намякнулі, што могуць забраць дзіця.

Што распавялі ў садзе

Дзіцячы сад не аказваў ціску на сям’ю затрыманага Уладзіміра Навуміка, заявіла Hrodna.life загадчыца Святлана Янчанюк. Паводле версіі выхавальнікаў, яны проста прыйшлі пагаварыць і праверыць умовы пражывання дзіцяці.

«Мы атрымалі паперу і на падставе яе прыйшлі азнаёміцца. Мы цяпер праводзім сацыяльнае расследаванне, якое доўжыцца 15 дзён. Ніякага ціску на маму не ажыццяўляецца. Усё праходзіць у рамках закона і нічога не парушаецца», — патлумачыла Святлана Янчанюк.

«Прыехалі паглядзець умовы пражывання і ўтрымання дзіцяці ў рамках дэкрэта прэзідэнта № 18 ад 24 лістапада 2006 г. („Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у праблемных сем’ях“ — рэд.). Усё робіцца паводле дакументаў. Дзіця ў іх актыўнае, дзяўчынка вясёлая ў садзе, заўсёды ахайная. Ніякіх фактараў, што спрыяюць канфіскацыі дзіцяці ў іх у сям'і няма», — распавяла загадчыца.

Шкадуе, што не запісала размову на дыктафон

«Пасля выхаду матэрыялу, дзе я распавяла, што да мяне прыходзілі з праверкай, у садок сталі тэлефанаваць невядомыя з абразамі і пагрозамі. Я супраць такога — так рабіць нельга. У садку выклікалі міліцыю і мяне запрасіў участковы даць паказанні», — распавяла Віталія Навумік.

Віталія шкадуе, што не запісвала размову з загадчыцай на дыктафон. Цяпер яе інтэрв'ю могуць расцаніць як паклёп: загадчыца кажа, што не пыталася пра яе мужа на плошчы і не намякала, што забяруць дзяцей.

«Я хачу каб гэта ўсё хутчэй скончылася і мой муж вярнуўся дадому. Мы звычайная беларуская сям’я. Нам не патрэбныя праблемы», — сказала Віталія.

17 чэрвеня з журналістам Hrodna.Life звязалася дзяўчына, якая прадставілася знаёмай аднаго з выхавальнікаў дзіцячага сада № 96. Яна сказала, што «педагогі не звяры» і сям’я Навумік не такая ўжо правільная, як распавядае Віталія — «жыве па падвойных стандартах». Што гэта значыць, дзяўчына не патлумачыла. Рэдакцыя прапанавала ёй разгорнута распавесці пра сітуацыю. Адказу пакуль не было.

Што адбылося ў Гродне ў дзень візіта Ціханоўскага?

У Гродне затрымалі палітычных актывістаў. Увечары 29 траўня на пікеце падчас збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую адбыўся інцыдэнт, у выніку якога блогера Сяргея Ціханоўскага і некаторых яго прыхільнікаў затрымала міліцыя. Сярод затрыманых — сябра ініцыятыўнай групы Дзмітрый Фурманаў. Удзельніцу верагоднай правакацыі супраць Ціханоўскага апазналі ў сацсетках.

Затрыманні працягнуліся на наступны дзень. 30 траўня затрымалі актывіста Мікалая Саляніка, які днём раней вёў перамовы з кіраўніцтвам міліцыі і спрабаваў даведацца, за што быў затрыманы і дзе знаходзіцца Ціханоўскі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» склаў спіс затрыманых у Гродне. Частку з іх перавезлі ў Мінск.

Гэта не спыніла ініцыятыўную групу Ціханоўскай. Афіцыйна было заяўлена, што падчас інцыдэнту пацярпеў міліцыянт. Узбуджаная крымінальная справа па факце гвалту ў адносінах да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў. Нягледзячы на ​​гэта, на наступныя дні да пікету Святланы Ціханоўскай выстраіліся чэргі — людзі стаялі, каб аддаць подпіс, нават пад дажджом.

Праваабаронцы прызналі Сяргея Ціханоўскага і іншых затрыманых у Гродне палітычнымі вязьнямі.

У выніку пад удар патрапілі і выпадковыя людзі. Увечары 29 траўня ў сацсетках пачалося цкаванне выпадковага чалавека, якога прынялі за супрацоўніка органаў у цывільным, які ўдзельнічаў у затрыманні ў Гродне. У дзяржаўных СМІ з другога боку пачалося цкаванне 81-гадовай пенсіянеркі Галіны Філіпаўны, якая падчас стрыму з Савецкай плошчы выказалася супраць Лукашэнкі і ў падтрымку Ціханоўскіх. Пенсіянерку Станіславу Дамшэль, якая 29 траўня таксама была на Савецкай, абвінавацілі ў дробным хуліганстве, але яна не пусціла міліцыю да сябе дадому. Выпадковыя людзі былі і сярод затрыманых на плошчы.

Падзяліцца

Апошнія запісы

У Гродне з’явіцца больш пляцовак для выгулу сабак

Плануецца, што ў кожным раёне з’явіцца па дзве новыя пляцоўкі для выгулу хатніх жывёл. Адпаведны…

22 лістапада 2024

Гродзенскага актывіста Ежы Грыгенчу завочна асудзілі на 6 гадоў калоніі

Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…

21 лістапада 2024

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з’явіўся ў майцы «Команда Путина»

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…

21 лістапада 2024

У Гродне з’явіўся першы 3D-экран — яго размясцілі на фасадзе Triniti

Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…

21 лістапада 2024

Белстат: Турыстаў у Гродзенскай вобласці стала менш у 20 разоў. Тлумачым, чаму насамрэч сітуацыя значна лепш

Гродзенская вобласць страціла лідарскую пазіцыю па колькасці арганізаваных турыстаў. Цяпер сярод найбольш папулярных напрамкаў —…

21 лістапада 2024

КДБ увёў у Гродне рэжым контртэрарыстычнай аперацыі

Аперацыя праводзіцца на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна ў рамках камандна-штабных вучэнняў сілавікоў. На час…

21 лістапада 2024