Ініцыятыўная група Святланы Ціханоўскай сабрала 100 тысяч подпісаў, сказала С**бодзе патэнцыйная кандыдатка на прэзыдэнцкую пасаду. Яна паведаміла, што могуць быць складанасці з іх здачай.
«Фактычна яны ёсьць, але ці пасьпеем мы іх здаць фізычна, бо ўмовы не на нашу карысьць… Але мы вельмі стараемся гэта зрабіць», — сказала Сьвятлана Ціханоўская ў камэнтары С**бодзе.
Паводле Святланы, на сябраў ініцыятыўнай групы ідзе ціск. «На мяне ціску няма, але эмацыйна і псыхалягічна вельмі цяжка», — дадала яна.
Сябры ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай трапляюць пад адміністрацыйныя арышты, кіраўнік групы — яе муж, вядомы блогер Сяргей Ціханоўскі, прызнаны палітвязьнем, цяпер знаходзіцца ў сьледчым ізалятары. Нядаўна яго зьмясьцілі ў карцэр «за парушэньне ўнутранага распарадку СІЗА».
Святлана мусіць паехаць па беларускіх гарадах, каб самастойна здаць подпісы ў тэрытарыяльныя камісіі.
«Мне трэба зрабіць гэта (здаць подпісы. — РС) дзеля Сяргея і людзей, якія так шмат працавалі, зьбіралі подпісы ў дождж і сьпёку, якія стаялі ў вялікіх чэргах, каб падпісацца. Я буду старацца, каб паказаць, што мы здолелі гэта зрабіць (сабраць 100 тысяч. — РС). Спыніцца зараз было бы здрадай і Сяргею, і людзям, якія паверылі яму, прыйшлі за яго падпісвацца. Тое, што я апынулася на перадавой — гэта проста так атрымалася. Я падвесьці яго проста не магу. Калі каханьне — то да канца», — патлумачыла Святлана Ціханоўская.