Паводле папярэдніх дадзеных, рыба ў Нёмане загінула з-за высокай тэмпературы вады і недахопу кіслароду. Але хімічныя даследаванні будуць праводзіцца яшчэ тыдзень, таму пра дакладную прычыну мору казаць рана. Пра гэта распавялі Hrodna.life ў Абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Што адбылося?
Гродзенскія рыбакі 13 чэрвеня паведамілі аб масавым моры рыбы ў Нёмане. Яны называюць здарэнне «экалагічнай катастрофай» і пішуць у сацсетках аб магчымым трапленні ў ваду атрутных рэчываў.
Што кажуць адмыслоўцы?
У камітэце прыродных рэсурсаў ад заўчасных высноваў адмаўляюцца і называюць толькі верагодныя прычыны гібелі рыбы.
«13 чэрвеня былі праведзены лабараторныя даследаванні. Нас насцярожвае нізкае ўтрыманне растворанага кіслароду ў Нёмане на працягу ўсёй ракі. У некаторых месцах гэта паказчык складаў каля 1,6 мг на 1 куб.дм у той час як для рыбы неабходна хаця б 6 мг на 1 куб.дм.», — распавёў Hrodna.life намеснік старшыні Гродзенскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ігар Сак.
Яшчэ адзін фактар - высокая тэмпература вады. Паводле слоў спецыяліста, у асобных месцах 13 чэрвеня яна даходзіла да 30 градусаў. Магчыма, высокая тэмпература прывяла да памяншэння кіслароду.
Пракуратура ўзяла на кантроль
Камітэт правёў абследаванне ўсёй берагавой лініі Нёмана і месцаў упадзення прытокаў. Паводле папярэдніх аналізаў, канцэнтрацыя забруджвальных рэчываў у рацэ не перавышае гранічна дапушчальныя значэння. Мёртвую рыбу на аналіз узяла дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету. Генеральная пракуратура ўзяла здарэнне на кантроль.
Актывісты пачалі сваё расследаванне
Грамадскае аб’яднанне «Экаманіторынг» праводзіць сваё расследаванне гібелі рыбы ў Нёмане. Зараз яны просяць адгукнуцца гродзенскіх рыбакоў, каб вызначыць верхнюю кропку мору на рацэ.