У будынак галаўнога офіса «Белгазпрамбанка» сёння, 11 чэрвеня, прыйшлі каля 50 чалавек у масках, паведамілі чытачы Onliner. Таксама крыніцы выдання паведамляюць, што сёння ператрусы прайшлі і ў двух сябраў ініцыятыўнай групы прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі.

У будынку працуюць супрацоўнікі дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. У дадзены момант яны праводзяць праверку. Версія пра колькасць задзейнічаных супрацоўнікаў адрозніваецца. Работнікі банка кажуць, што група з 40 чалавек з’явілася ў галаўным офісе ў 8:30 раніцы і да гэтага часу не пакінула яго межаў.

Вакол галоўнага офіса банка на праспекце Прытыцкага ўсё знешне спакойна. Кліенты заходзяць у памяшканне, каб зняць грошы ці памяняць іх.

Віктар Бабарыка, адзін з прэтэндэнтаў у прэзідэнты ў цяперашнюю выбарчую кампанію, да вылучэння 20 гадоў узначальваў «Белгазпрамбанк».

«Не ісці на выбары — прагаласаваць за ўладу». Віктар Бабарыка сабраў на сустрэчы 250 гродзенцаў

У прэс-службе Камітэта дзяржкантролю (КДК) T*T.BY расказалі, што Дэпартамент фінансавых расследаванняў Дзяржкантролю пачаў крымінальную справу па ч.2 арт. 243 «Ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры» і па ч.2 арт. 335 «Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры».

— У цяперашні час праводзяцца неадкладныя следчыя дзеянні. У якасці падазраваных па крымінальнай справе праходзяць прадстаўнікі камерцыйных структур, былыя і дзейсныя работнікі банкаўскай сістэмы. Дадатковая інфармацыя будзе прадастаўлена пазней, — сказалі ў прэс-службе КДК.

У КДК ўдакладнілі, што Віктар Бабарыка ў цяперашні час не мае працэсуальнага статусу ў рамках расследавання крымінальнай справы.

У штабе Бабарыкі пакуль нічога не ведаюць

— У дадзены момант мы, як і вы, можам апераваць толькі інфармацыяй з знешніх неправераных крыніц. Нешта адбываецца — факт. Мы зараз пацвярджаем гэтую інфармацыю, — распавёў Hrodna.life кіраўнік штаба Віктара Бабарыкі Эдуард Бабарыка.

Паводле яго слоў, інфармацыю пра ператрусы і крымінальную справу ўдакладняюць у Дэпартаменце фінансавых расследаванняў. Пакуль гэтыя падзеі не ўплываюць на кампанію. Эдуард Бабарыка паабяцаў апублікаваць афіцыйную пазіцыю штаба.

«Мы проста забылі, што былі найлепшымі». Віктар Бабарыка пра нацыянальную ідэю беларусаў і фальсіфікацыю выбараў

Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка заявіў, што прыватныя кампаніі звальняюць тых, хто не аддаў подпіс за альтэрнатыўных так званых кандыдатаў, і папрасіў кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігара Сяргеенкі, старшыню Савета Рэспублікі Наталлю Качанаву і кіраўніка справамі прэзідэнта Віктара Шэймана падлучыцца да гэтага пытання і выпрацаваць сістэму праверак прыватнікаў, піша T*T.BY. Ён таксама даручыў сумесна з генеральным пракурорам, Камітэтам дзяржкантролю, іншымі структурамі і пры ўдзеле мясцовых органаў улады «прашарсціць гэтых пузатых буржуяў», каб яны неслі адказнасць за людзей.

«Гэта фармаванне комплексу віны»

Пазней на телеграм-канале «Мая краіна Беларусь» з’явілася відэа, на якім Віктар Бабарыка размаўляе з сябрамі сваёй ініцыятыўнай групы.

— Пачаліся ператрусы ў людзей, цесна са мной звязаных. Гэтая гісторыя ідзе да кампаніі «ПриватЛизинг», і яна тычыцца толькі банкаўскай дзейнасці. Распачатыя крымінальныя справы да былых супрацоўнікаў і дзеючых. На пытанне, ці датычыць гэта Бабарыкі, было сказана: у бягучы момант такі чалавек не праходзіць. Што гэта азначае? Што штаб — у бяспекі. Гэта значыць, мы працягваем працу.

@viktar_babaryka

##бабарико ##выборы2020 ##честныелюди

♬ оригинальный звук — viktar_babaryka

Ён сказаў, што банк будзе разбірацца са сваімі справамі, а штаб гэта не закранае. Тым не менш, ён гатовы да таго, што нехта можа сысці з кампаніі:

— Той, хто ўсё-такі вырашыць, што гэта для яго ўяўляе нейкую персанальную пагрозу, мае абсалютна поўнае права ўстаць і сысці. І я шчыра скажу, я буду ўсім удзячны, незалежна ад таго, якое будзе далейшае дзеянне. Вы зрабілі ўжо вельмі шмат. Застанецеся або сыдзеце — усё роўна на карысць нашай справе.

Бабарыка лічыць, што тое, што адбываецца, — гэта ціск на яго, у тым ліку фармаванне комплексу віны за людзей, «якія паверылі і пайшлі». «Мне не вельмі прыемна гэта пачуццё, я скажу вам шчыра. Але я да яго рыхтаваўся, я гэта разумею», — сказаў Віктар Бабарыка.

Чытайце таксама: «Ні адзін подпіс не варты таго, каб вы цярпелі» Ціханоўская здымае пікеты ў буйных гарадах да канца тыдня