Пачалося грамадскае абмеркаванне праекта новага мікрараёна на Фолюшы ў раёне вуліц Соламавай і Хвойнай і ракі Ласасянкі. Жылыя дамы з’явяцца на месцы былой вайсковай часткі. Мікрараён разлічаны на 5350 жыхароў.
Плошча будучага мікрараёна — 85 га. Паводле плана, там пабудуюць жыллё агульнай плошчай у 142,3 тыс. кв. м. — усяго 2050 кватэр.
Будаваць будуць на тэрыторыі паміж шматкватэрнай жылой забудовай на поўначы і ўсходзе, камунальнай забудовай уздоўж вуліцы Суворава, рэчкай Ласасянка і дзейнай вайсковай часткай.
Для мікрараёна пабудуюць школу на 653 вучні (на візуалізацыі - ярка-чырвонага колеру), дзіцячы садок на 260 месцаў (на малюнках — жоўты), крамы і паліклініку, разлічаную на 145 пацыентаў за змену. Першыя паверхі жылых дамоў будуць аддадзены пад аб’екты абслугоўвання.
Уздоўж Ласасянка запланаваная зона для шпацыраў і дзіцячы пляж, некалькі дзіцячых пляцовак, стадыён і дзве пляцоўкі для выгулу сабак.
Каля перасячэння вуліцы Фолюш і Хвойнай пабудуюць шматузроўневы паркінг на 500 месцаў.
На тэрыторыі будучай забудовы знаходзяцца 84 аб’екты, якія належаць розным арганізацыям: ААТ «Чайка», Гродзенскаму цэнтру нерухомасці, «Ваенсэрвісу», УЖРЭП Кастрычніцкага раёна; адзін з карпусоў ГрДУ. Большасць з будынкаў знясуць, некаторыя рэканструююць пад аб’екты грамадскага прызначэння.
Праект распрацаваны ў адпаведнасці з генпланам Гродна.
Чытайце таксама: Прэзідэнт скарэктаваў генеральны план Гродна
З праектам дэталёвага планавання тэрыторыі ў раёне вуліц Соламавай, Хвойнай і ракі Ласасянка ў Гродне можна азнаёміцца на першым паверсе ва Упраўленні архітэктуры і горадабудаўніцтва (плошча Тызенгауза, 3) да 19 чэрвеня і на сайце гарвыканкама.
Заўвагі і прапановы можна дасылаць да 29 чэрвеня ў Гродзенскі гарвыканкам (пл. Леніна, 2/1, 230 023, г. Гродна, [email protected] ці праз сервіс «Электронные обращения» на grodno.gov.by) або ва Упраўленне архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама (пл. Тызенгаўза, 3, 230 023, г. Гродна, тэл. 72 02 71 — сакратар камісіі Барэйка Вольга Уладзіміраўна). Вынікі падвядуць на пасяджэнні камісіі Гродзенскага гарвыканкама 6 ліпеня 2020 года.