Старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Валерый Вакульчык паказаў у эфіры тэлеканала АНТ справу бабулі з Гродна, у якім апісаны два яе дома.
Вакульчык выказаўся пра 81-гадовую пенсіянерку з Гродна Галіну Філіпаўну Андрэйчык, якая 29 мая дала інтэрв’ю Сяргею Ціханоўскаму.
— Была вось зараз у Гродне сітуацыя. Там была бабуля. Вось прыкладна яе … – паказвае кіраўнік КДБ.
– Катэдж? – пытаецца журналістка.
– Так, гэта ўсё яе. Іх тут два дамы.
– Два дамы на адной тэрыторыі?
– Так, тут два ўчасткі. Бедалажка?
Што вядома пра бабулю?
81-гадовая пенсіянерка з Гродна, дацэнт, ветэран працы Галіна Філіпаўна Андрэйчык 29 мая ў Гродне дала кранальнае інтэрв’ю Сяргею Ціханоўскаму.
Другі раз слава знайшла жанчыну ў вячэрнім эфіры БТ 4 чэрвеня, калі паказалі дом, дзе яна жыве – здымалі з дрона! – і агучылі на ўсю краіну спіс яе маёмасці: кватэра ў цэнтры Гродна, “катэдж” – як яны выказаліся, “дзве недабудаваных фазенды”, мікрааўтобус – “трохгодка” мінімум за 25 тысяч долараў. Яе дзяцей назвалі афіцыйна беспрацоўнымі.
На Галіну Філіпаўну звярнуў увагу Лукашэнка. Ён згадаў 4 чэрвеня 80-гадовую жанчыну ў Гродне, якая «крычала, арала «і якая жыве ў “палацы”.
Галіна Філіпаўна патлумачыла, што стаж у яе – 52 гады, яна выкладала эканамічную тэорыю ў гродзенскіх універсітэтах. У яе двое сыноў. Старэйшы працуе ў сферы турызму ў Санкт-Пецярбургу, малодшы – праграмістам у расійскай фірме ў аўтамабільнай сферы, раней быў прадпрымальнікам, усталёўваў сігналізацыю.
Ёсць справы і на іншых фігурантаў выбараў
У партфелі ёсць справы і на іншых фігурантаў выбараў-2020, паведаміў Валерый Вакульчык. На асаблівы рэжым нясення службы КДБ у сувязі з выбарамі не пераходзіў.
— Актыўнасць апынулася ніжэй, чым мы меркавалі. < … > Ёсць абуральныя рэчы, якія ляжаць на паверхні і якія будуць шокам для звычайнага чалавека, калі ён даведаецца, куды іх спрабуюць завесці, – выказаўся кіраўнік КДБ аб прэтэндэнтах у прэзідэнты.
Лукашэнка ў эфіры АНТ паведаміў “майданутым”, што майдана ў Беларусі не будзе. Пратэстнага руху ў краіне не з’явілася, а прэтэндэнты адпрацоўваюць «чыесьці» грошы, сказаў прэзідэнт. Ні аднаго прозвішчы прэтэндэнтаў у прэзідэнты не прагучала. “Усё і так зразумеюць, пра каго гаворка”, – сказалі журналісткі ў эфіры.


