У Гродне з раніцы 30 траўня затрымалі грамадскага актывіста Мікалая Саляніка, піша harodniaspring.org. Агулам затрымана блізу 15 чалавек.
Гродзенскі актывіст і перформер Мікалай Салянік пайшоў ва ўпраўленне УС аблвыканкаму даведацца, дзе знаходзяцца затрыманыя напярэдадні блогер Сяргей Ціханоўскі і яго паплечнікі. Мікалаю Саляніку сказалі, што супраць яго (Саляніка) вядзецца адміністрацыйная справа, пасля чаго актывіста затрымалі і пасадзілі у бус. Калі і ў якім месцы адбудзецца суд над Салянікам — невядома. Праз тэлефон Салянік не адказвае.
Спіс тых, каго таксама затрымалі ў Гродне 29 і 30 траўня пасля пікету па зборы подпісаў за кандыдатку ў прэзідэнты Святлану Ціханоўскую, апублікаваў праваабарончы цэнтр «Вясна»:
- Ціханоўскі Сяргей;
- Салянік Мікалай;
- Фурманаў Зміцер;
- Рэзнічэнка Яўген;
- Джыоеў Руслан;
- Бакіноўскі Станіслаў - яму стала дрэнна пасля затрымання, таму яго адвезлі ў кардыялагічны дыспансер. Па стане на 10.30 30 траўня ён знаходзіцца там. За ім сочыць міліцыя;
- Аляксандр — кіроўца з каманды Ціханоўскага (прозвішча высвятляецца);
- Сяргей — таксама з каманды Ціханоўскага (прозвішча высвятляецца);
- Ушак Вергілій — аператар з каманды Ціханоўскага. Сваякам адмаўляюцца казаць, дзе ён знаходзіцца;
- Рудзянкоў Дзмітрый;
- Мікалай з Мінска (прыехаў на маршрутцы ў Гродна, затрыманы ў 3 гадзіны ночы);
- Аляксей з Гомеля (кіроўца буса citroen, затрыманы ў 3 надзіны ночы));
- яшчэ як мінімум 3 чалавекі.