Прасоўваць культуру піцця піва, рыхтаваць закускі на грылі і ў фрыцюры і трансляваць футбольныя матчы будуць у гродзенскім Marshal Pub. Установа адкрылася 22 траўня і працуе да апошняга кліента. Такіх устаноў у Гродне няшмат.
Marshal Pub — пілотны праект Вольгі і Дзмітрыя Маршалак і іх сяброўкі Наталлі. У пабе будзе вялікі выбар гатункаў піва, у тым ліку крафтавых. Установа супрацоўнічае з брэндам Heineken і кампаніяй «Бабруйскі бровар».
Крафтавыя гатункі прадстаўлены брэндам «Волковская пивоварня» бутэлькамі па 420 мл і коштам у 4−4,5 рублёў. Можна выпіць разліванае піва ад 2,5 рублёў і вышэй, распавядае бармэн Павел Кісялевіч. У тым ліку — безалкагольнае.
Барная карта складаецца з 30−40 найменняў моцных напояў: віскі, ром, гарэлка. Ёсць невялікі выбар він — шэсць відаў. Краіна паходжання — Чылі і Францыя. Кактэйльнай карты пакуль няма. З’явяцца аўтарскія рэцэпты. Напрыклад, «экстрэмальны» кактэйль «Marshal» з моцных напояў для «мужчын, якія змогуць яго вытрымаць».
Меню складаецца з піўных закусак у фрыцюры, на грылі. Таксама ў меню будзе сэт-канструктар па фіксаванай цане. «Тыдзень-два будзем тэставаць меню. Будзем падладжвацца пад кліента», — распавядае Вольга Маршалак, дырэктарка ўстановы.
Сярэдні чэк — 15 рублёў. Два піва з закускай каштуюць каля 10 рублёў.
Піва з сэтам з каўбасак або стэйкам з салатай абыдуцца ў 20−30 рублёў. У будучыні плануецца дастаўка.
Ва ўстанове працуюць бармэны, кухары і афіцыянты з вопытам работы па 10−15 гадоў. Працаваць паб будзе да апошняга кліента. «Заканадаўства не дазваляе нам трымаць дзверы адкрытымі пасля 2.00, але выганяць з паба мы нікога не будзем!» — запэўнівае дырэктарка.
— Мы аналізавалі рынак у Гродне. Ёсць рэстараны, ёсць кавярні, ёсць гастрfбары. Але не было ўстановы, якая сумяшчала б піва, закускі і атмасферу ўтульнага еўрапейскага піўнога паба. Адкрыць такую ўстанову — шматгадовая мара майго мужа. Плюс мы здзейснілі мару многіх нашых сяброў, — кажа Вольга.
Marshal Pub размясціўся ў ГЦ «Kazzarma Mall». Уладальнікі першапачаткова выбіралі лакацыі не ў цэнтры. Для фармату ўстановы трэба знаходзіцца ва ўтульным месцы. Шукалі спальны раён з кантынгентам сярэдняга ўзросту і дастатку сярэдняга плюс. Усё склалася.
У Marshal Pub паспрабуюць аднавіць атмасферу еўрапейскіх піўных пабаў, куды людзі прыходзяць «прачуць густ піва і смачна паесці». Тут будзе граць музыка для меламанаў, а на сценах вісяць зробленыя ўладальнікам дэталі. Дызайн паба Маршалкі распрацоўвалі самастойна. Дапамагалі сябры-дызайнеры. Выкарыстоўвалі зялёны, белы, чырвоны колеры, графіт. У пабе захавалі старадаўнія сцены з цэглы, якія засталіся ад казармы.
У пабе будуць трансляваць футбольныя матчы, нягледзячы на прыпыненне турніраў па ўсім свеце. «Па-першае, ёсць матчы, якія можна глядзець бясконца. Па-другое, у бліжэйшы час адбудзецца Ліга чэмпіёнаў, хай і ў іншым фармаце», — кажа Вольга.
У бары будзе каля 60 пасадачных месцаў, з іх 30 — на летняй пляцоўцы. У памяшканні ёсць сталы як на два чалавекі, так і на вялікую кампанію, і дзве барныя стойкі.
— У гэтым раёне не было такой установы. Пакуль рабілі рамонт, кожны дзень прыходзіла каля дзесяці чалавек і цікавіліся, калі мы ўжо адкрыемся, — дзеліцца Вольга ў дзень адкрыцця.
Колькі сродкаў уклалі ў адкрыццё ўстановы, уладальнікі не раскрываюць, спасылаючыся на камерцыйную тайну. Плануецца акупіць паб на працягу года-двух.
Праўда, рызыкі ў выглядзе каранавіруса тады не закладвалі. Уплыў пандэміі на бізнес складана прадбачыць. Магчыма, цяпер жыхары найбліжэйшых спальных раёнаў ахвотней выйдуць ва ўстанову побач з домам, чым паедуць у цэнтр, мяркуюць уладальнікі.
— Усе патрабаванні выконваюцца: персанал у масках, стаяць антысептыкі. Можна сесці на летняй пляцоўцы, каб менш кантактаваць, — раіць Вольга.
Зараз уладальнікі новай установы мараць стварыць цэлую сетку ўстаноў пад назвай «Marshal». Будуць адаптавацца пад лакацыі і пажаданне людзей. «Мара мужа выканана — можна і іншыя фарматы спрабаваць», — кажа Вольга.
Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…
Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…
Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…
Гродзенская вобласць страціла лідарскую пазіцыю па колькасці арганізаваных турыстаў. Цяпер сярод найбольш папулярных напрамкаў —…
Аперацыя праводзіцца на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна ў рамках камандна-штабных вучэнняў сілавікоў. На час…
Байкеры выявілі ў Пышках дрот, нацягнуты на ўзроўні шыі. Відэа яны размясцілі ў TikTok. "Вось…