Цэнтр для заняткаў тэнісам з крытымі кортамі ўзвядуць у Гродне, піша БЕЛТА. Яго ўзвядуць на пляцоўцы па вуліцы Горкага побач з аквацэнтрам. Тут з’явяцца шэсць тэнісных кортаў, чатыры з іх будуць крытымі. Раней крытых кортаў у Гродне не было.

Ужо вядуцца падрыхтоўчыя працы. Сценамі і дахам для манежа выступіць так званая паветраапорная канструкцыя. Аналагічная тэхналогія выкарыстоўвалася для будаўніцтва футбольнага манежа і крытай хакейнай пляцоўкі ў Пышках.

Таксама з’явяцца адміністрацыйна-бытавы комплекс, распранальні. На кортах будзе выкладзена сучаснае спецыялізаванае пакрыццё. Узводзіцца новы аб’ект пры падтрымцы Беларускай тэніснай федэрацыі.

Зараз у Гродзенскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе тэніса займаюцца каля 150 дзяцей. З’яўленне новага аб’екта дазволіць павялічыць іх колькасць. Таксама аматары тэніса атрымаюць магчымасць гуляць на сучасных кортах. Манеж будзе прымаць спаборніцтвы рознага ўзроўню.

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы