Гродзенскія медыкі абураныя нявыплатай надбавак за працу з інфекцыямі. 21 траўня супрацоўнікі “хуткай” адправілі ў Міністэрства аховы здароўя калектыўны зварот. Ліст падпісалі каля 200 работнікаў Гродзенскай абласной станцыі хуткай медыцынскай дапамогі.
На ўмовах ананімнасці адзін з супрацоўнікаў “хуткай” у Гродне распавёў Hrodna.life, што не ўсе медыцынскія работнікі атрымалі надбаўкі паводле ўказу №131 (за працу ва ўмовах, звязаных з інфекцыямі. – рэд.).
«Мы за сумленнае размеркаванне абяцаных выплат. Падштурхнула на зварот тое, што некалькі работнікаў атрымалі выплаты, але нават і не тыя, пра што казаў прэзідэнт. А працуюць з Covid усе, вадзіцелі ў тым ліку».
Медык кажа, што дайшло да таго, што ў калектывах супрацоўнікі пачынаюць сварыцца з-за выплат і з-за таго, хто будзе вазіць людзей з каранавірусам, за што прадугледжаны надбаўкі.
“Я іх разумею – усе хочуць зарабіць”
Кіраўніцтва хуткай дапамогі і абласнога прафсаюза 22 траўня правялі гутарку з супрацоўнікамі ў актавай зале БХМД. Галоўны ўрач абласной станцыі хуткай медыцынскай дапамогі Аляксандр Байгін распавёў Hrodna.life, як налічваюцца выплаты.
«Мы выплачваем ўсё, што павінныя тым, хто працуе з каранавірусам. Усе згодна з указам прэзідэнта. Але ёсць супрацоўнікі, якія жадаюць, не працуючы з інфекцыямі, атрымліваць надбаўкі. Я іх разумею – усе хочуць зарабіць, але на такое парушэнне пайсці не магу. Вось з-за гэтага і атрымліваецца разлад. Што тычыцца выездаў, то на іх адпраўляюць профільныя брыгады – тых, хто вольны, а не нейкія выбарачныя».
Паводле афіцыйных звестак Міністэрства аховы здароўя, па стане на 11 лютага ў Беларусі пацверджана 263 551 выпадак каранавіруса (1692 за апошнія суткі), ачунялі і выпісаны 252 068 (1990 за апошнія суткі) пацыентаў, памёрлі 1820 чалавек (9 за апошнія суткі).


