Блогер Сяргей Ціханоўскі, аўтар YouTube-канала «Краіна для жыцця» адбывае 30 сутак (два разы па 15) арышту ў ІЧУ. 19 траўня яго зноў выклікалі ў суд Савецкага раёна Гомеля і асудзілі яшчэ на 15 сутак, паведаміў карэспандэнт T*T.BY з суда.
Як распавёў перад пачаткам пасяджэння сам Ціханоўскі, напярэдадні яго судзілі паводле двух пратаколаў - за сустрэчы з людзьмі ў Оршы і Брэсце раней ён агулам атрымаў 30 сутак.
Паводле яго слоў, на яго складзена яшчэ сем пратаколаў.
У гэты раз блогера судзілі за сустрэчы з людзьмі ў Салігорску і Мёрах, якія праходзілі ў сакавіку. У зале суда забаранілі відэаздымку. У судзе блогер заявіў, што не згодны з тым, што ён «арганізаваў мітынг».
— Вы мяне караеце за сход, якога не было. Усюды я размаўляю з адным чалавекам. Адпаведна, гэта нельга назваць мітынгам. Я запэўніваю суд, што, калі я зраблю хоць адзін мітынг, вы яго ні з чым не пераблытаеце… Усе доказы грунтуюцца на відэароліках, якія хтосьці размясціў на ананімным телеграм-канале.
Ціханоўскі заявіў, што абвінавачванні заснаваныя на ілжывых фактах, і папрасіў суд вынесці справядлівае рашэнне — і апраўдаць яго. Адвакат блогера таксама звярнуў увагу суда, што ў справе няма складу адміністрацыйнага правапарушэння.
Чытайце таксама: Хто такі блогер Сяргей Ціханоўскі, які хоча быць прэзідэнтам Беларусі
Выслухаўшы ўсе бакі, суд вынес рашэнне: прызнаць Ціханоўскага вінаватым у арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства і пакараць яго арыштам яшчэ на 15 сутак.
Блогер выйдзе на волю ў лепшым выпадку ў сярэдзіне чэрвеня.
Чытайце таксама: «Гэта рэальна страшна». Асуджаны на «суткі» лідзкі фэльчар выйшаў на волю
6 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі пад Магілёвам. Ён змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання горада Гомеля.
Будучы ў ІЧУ, Ціханоўскі заявіў, што мае намер узяць удзел у прэзідэнцкіх выбарах. Яго давераная асоба — жонка Святлана — падала ў ЦВК дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы, але ЦВК адмовіўся рэгістраваць групу Сяргея Ціханоўскага. Пасля адмовы Святлана Ціханоўская падала ў ЦВК дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па вылучэнні ў якасці кандыдата ў прэзідэнты яе самой.
8 траўня ў Гродне і Лідзе за акцыю кармлення галубоў і сустрэчу з блогерам Сяргеем Ціханоўскім шэраг удзельнікаў прысудзілі да адміністрацыйнага арышту.