Наведвальнікаў з хатнімі жывёламі рады бачыць у новай кавярні «Крепкий Черный». Яна адкрылася ў гандлёвым цэнтры Kazzarma Mall на вуліцы Шчорса, 11а. Установа пазіцыянуе сябе як «Pets friendly».

Уладальнікі кажуць, што для горада гэта новы фармат кавярні. Яны спецыяльна вырашылі адкрыцца ў жылым мікрараёне.

«Цэнтр горада ўжо перанасычаны добрымі кавярнямі і мы выбраліся за рамкі, – адзначае адзін з уласнікаў Аляксей Трэгубаў, які раней працаваў барыста ў “Нашай каве”. – Мы адрозніваемся яшчэ тым, што працуем з веганскі ухілам, а сёння ў Гродне такіх устаноў амаль няма».

На Шчорса адкрылася кавярня, куды можна прыходзіць з жывёламі

Аляксей сам не есць мяса ўжо некалькі гадоў. Практыкуе здаровы лад жыцця і бег басанож.


Чытайце таксама: «Чтобы бегать не обязательно иметь кроссовки». Гродненец рассказывает, почему бегает босиком 


«Я стараюся свае ідэі несці ў масы, зараз спрабуем гэта рабіць і праз кавярню. У нас таксама дзейнічае паслуга «Pets friendly» – гэта азначае, што наведвальнік можа прыйсці да нас з любой жывёлай і гэта не абавязкова сабакі. Мы ўсім радыя».

Для жывёл ва ўстанове ёсць спецыяльныя міскі. Дызайн кавярні распрацавала каманда, якая працавала над ўстановамі ў цэнтры Гродна: «Наша кава» і «Справа».

«Мы прапануем новы падыход да кліента. Кавярня пачынае працаваць з 7:30 раніцы. Многія ідуць на працу або вучобу і могуць забегчы да нас. У меню кава, смузі, гарбата і аўтарскія дэсерты. Кава наша брэндаваная – пад сваім лагатыпам. Гэта той жа «Single Step» [беларускі брэнд свежаабсмажанай кавы, з якімі працуюць многія кавярні ў Гродне – рэд.], але ён абсмажваецца спецыяльна пад нас», – дадаў Аляксей.

Кавярня «Крепкий Черный» разлічана на 20 наведвальнікаў.

Адрас: Шчорса, 11а
Час працы:
ПН-ЧЦ- 7:30 – 22:00 
ПТ-НД -10:00 -23:00

На Шчорса адкрылася кавярня, куды можна прыходзіць з жывёламі