Праваабарончая арганізацыя «Human Constanta» стварыла сайт covidmonitor.by. На ім па датах можна прасачыць за рэакцыяй дзяржавы на сітуацыю з COVID-19.
На сайце можаце паглядзець храналогію заяў, дзеянняў, рэакцый дзяржаўных органаў Беларусі. Як пішуць стваральнікі, там жа будуць збірацца нарматыўна-прававыя акты, якія прымаюцца дзяржавай.
Насупраць звестак аб прынятых уладамі рашэнняў са спасылкамі на першакрыніцы ў выглядзе календарнай стужкі - эпідэміялагічная сітуацыя паводле звестак Міністэрства аховы здароўя на тую ж дату. Сваю інфармацыю можна дадаць з дапамогай кнопкі ў верхняй частцы старонкі.
«Кожнае абмежаванне, якое ўводзіцца дзяржавай, павінна быць законным, прапарцыйным і недыскрымінацыйным. Мы збіраем гэтую інфармацыю для гісторыі, каб у далейшым правесці аналіз і разбор зробленых і не зробленых дзеянняў», — пішуць аўтары сайта.
Краіны Заходняй Еўропы з часоў Другой сусветнай вайны не сутыкаліся з абмежаваннямі, якія сталі новай нормай праз пандэмію COVID-19. Праўда, у Беларусі пакуль праблема з увядзеннем гэтых абмежаванняў.