Парад у гонар 75-годдзя Перамогі хутчэй за ўсё не адменяць. Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на нарадзе па эпідэміялагічнай сітуацыі 3 траўня, патлумачыў, чаму ён не можа яго адмяніць.
— Павінен сказаць, што мы не можам адмяніць парад. Проста не можам. Я доўга над гэтым думаў, — цытуе прэзідэнта belta.by.
Лукашэнка адзначыў, што ўдзельнікі вайны «паміралі, можа быць, і ад вірусаў, іншых хвароб, але яны гэта не адчувалі часам». «Паміралі яны дзеля нас, як бы гэта пафасна ні гучала», — сказаў ён.
— І падумайце, што скажуць людзі. Можа, не адразу, праз дзень, праз два пасля гэтага, — скажуць, што спалохаліся, — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка сказаў, што «нікога цягнуць на гэтае мерапрыемства не трэба». «Не хочуць людзі, баяцца, берагуць здароўе — мы гэта зразумеем. Дастаткова сёння жадаючых — тысячы і тысячы людзей хочуць, каб гэтае мерапрыемства прайшло», — падкрэсліў ён.
«Мяне вельмі хвалюе, што людзі не ўхваляць, калі мы, спалохаўшыся, разбредемся па норах. І наогул, Беларусь — гэта жывы помнік той вайны. І я думаю, што ў гэты дзень тут маглі б прысутнічаць прадстаўнікі ўсіх дзяржаў», — дадаў кіраўнік дзяржавы.
Агулам прэзідэнт упэўнены, што парад — гэта не самае небяспечнае з пункту гледжання эпідэміёлагаў і вірусолагаў мерапрыемства.
Эпідэміёлаг: гэта як баль падчас чумы
Вядучы навуковы супрацоўнік цэнтра эпідэміялогіі і мікрабіялогіі ім. Гамалеі Віктар Ларычаў лічыць неабходным адгаварыць беларусаў ад наведвання масавага мерапрыемства ў перыяд пандэміі, паведамляе govoritmoskva.ru.
«Няма тут ніякай доблесці ў правядзенні параду, гэта як баль падчас чумы. Няма доблесці, гэта глупства. Калі паглядзець на Расею, людзі старэйшыя за 65 гадоў у нас абмежаваныя ў перасоўванні, яны сядзяць дома, яны выконваюць гэтыя патрабаванні. Гэта прывяло да таго, што ў нас хворых сярод пажылых практычна няма. Іх вельмі мала. Гэта паказчык таго, што, калі вы будзеце абмяжоўваць знаходжанне людзей у калектывах — гэта дапамагае змагацца з эпідэміяй, а значыць, вядома, такіх мерапрыемстваў буйных лепш не рабіць. На парадзе вельмі цяжка будзе кантраляваць дыханне, адны будуць у масках, іншыя не. У такой сітуацыі будзе вельмі цяжка пракантраляваць, лягчэй заразіцца нашмат».
Раней Сусветная арганізацыя здароўя апублікавала рэзюмэ па выніках місіі ў Беларусі. Спецыялісты адзначылі, што наша краіна ўступіла ў новы этап эвалюцыі пандэміі COVID-19 з перадачай інфекцыі сярод насельніцтва. Сярод галоўных рэкамендацый — перанос ўсіх масавых збораў людзей, уключна са спартыўнымі, культурнымі, палітычнымі і рэлігійнымі мерапрыемствамі.
Каардынатарка ААН у Беларусі заклікала ўлады неадкладна выканаць рэкамендацыі СААЗ
Брусэль: Беларусь атрымае дапамогу ў барацьбе з COVID-19, калі будзе выконваць рэкамендацыі СААЗ
Паводле афіцыйных звестак Міністэрства аховы здароўя, па стане на 11 лютага ў Беларусі пацверджана 263 551 выпадак каранавіруса (1692 за апошнія суткі), ачунялі і выпісаны 252 068 (1990 за апошнія суткі) пацыентаў, памёрлі 1820 чалавек (9 за апошнія суткі).