Праект выкарыстання старадаўняй вежы ў Румлёўскім парку не будзе рэалізаваны. Ён не адпавядае статуту помніка прыроды, які ёсць зараз у парка. Пра гэта распавялі Hrodna.life ва ўпраўленні архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама.

— АУНА [справаздача аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе — рэд.] адхіленая. Праект рэалізоўваць нельга. Участак з вежай застаецца ў пакупніка. Яму прапанавалі перапрацаваць праект з улікам ахоўнага статусу тэрыторыі, — распавялі ва ўпраўленні.

Калі Hrodna.life звязваўся з уладальнікам, той яшчэ не ведаў, што яго праект адхілілі. Як ён плануе перапрацаваць яго, пакуль невядома.

Што там планавалі зрабіць?

У 2017 годзе закінуты будынак за 18 448 рублёў выкупіла гродзенская будаўнічая кампанія «БелБурБуд». Пакупнік распрацаваў праект рэканструкцыі.

З вежы хацелі зрабіць назіральную пляцоўку. Таксама там магло з’явіцца адміністрацыйнае памяшканне для мінімум шасці чалавек. Каб стварыць назіральную пляцоўку, над вежай прапаноўвалі надбудаваць лёгкую кансольную канструкцыю. Ля вежы прапаноўвалі зрабіць стаянку і фотазоны.

Назіральнай пляцоўкі на вежы ў Румлёва не будзе. Праект не адпавядае статусу парку

Чаму эколагі і краязнаўцы былі супраць?

Да вежы прапаноўвалі падвесці інжынерныя камунікацыі. Менавіта гэта стала прычынай абурэння эколагаў.

«Вежа стаіць на ўзроўку, які мае рухомы грунт, і пад ёй знаходзяцца дзве крыніцы. Пастаянная эксплуатацыя вежы і пастаяннае напружанне на аб’ект можа прывесці да руху схілу. Я назіраю за Фамічоўскім схілам ужо 20 гадоў і ведаю пра што кажу. Пад вежай знаходзіцца акацыевы гай і выкарыстанне вежы можа знішчыць алею канца 18 стагоддзя», — казаў на сустрэчы па абмеркаванні АУНА краязнаўца Віталь Гуменны. Намеснік старшыні Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта Андрэй Жук прапанаваў уласніку ўзяць паўзу і дапрацаваць праект з выкарыстаннем атрыманай інфармацыі.

Калі парк Румлёва атрымаў новы статус?

Улетку 2019 года помнік прыроды мясцовага значэння «Лесапарк «Румлёва» пераўтварылі ў батанічны помнік прыроды мясцовага значэння з такой жа назвай. На ўсёй тэрыторыі плошчай больш за 90 гектараў увялі асаблівы рэжым аховы і выкарыстання.

Зараз на яго тэрыторыі нельга будаваць новыя аб’екты, за выключэннем інжынерных і транспартных камунікацый, прычалаў для лодак, збудаванняў для ўладкавання і добраўпарадкавання пляжаў і зон адпачынку, экалагічных сцежак. Як казалі ў гарвыканкаме, новы статус дапаможа захаваць лесапарк у першапачатковым выглядзе, умяшанне чалавека ў экасістэму будзе мінімальным.


Чытайце таксама: У Румлево изменился статус. Теперь тут нельзя выгуливать собак


Даведка

Воданапорная вежа ў Румлёўскага парку была пабудавана ў канцы XIX стагоддзя. Гэта адзіная пабудова, што захавалася ў Румлёва, дзе калісьці быў панскі маёнтак з вялікім паркам, знаходзіліся царскія, а потым польскія вайсковыя часткі. Яна стаіць на самым краі стромкага схілу — заходняй мяжы лесапарку. Яе пабудавалі ў 1880-х, а ў 1930-х рэканструявалі польскія вайскоўцы.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]