Архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый у рэанімацыі, падазрэнне на каранавірус

Першым пра шпіталізацыю 63-гадовага ўладыкі Гурыя (свецкае імя Мікалай Апалька) напісаў Аляксандр Шрамко, святар, якога адхілілі ад службы за крытыку патрыярха Кірыла. Шрамко напісаў, што ў Гурыя каранавірус, а сам архіепіскап знаходзіцца ў рэанімацыі, паведамліла «Наша Н**а» 20 красавіка.

Прэс-сакратар БПЦ Сяргей Лепін у каментары «НН» пацвердзіў, што Гурый сапраўды ў бальніцы. Ён адзначыў, што не ведае прычыну, а калі б і даведаўся, то не сказаў бы з этычных перакананняў.

Гурый адначасова з’яўляецца рэктарам Мінскай духоўнай семінарыі, якая размяшчаецца ў Жыровічах у Слонімскім раёне. Па інтэрнэце гуляе копія дакумента за подпісам мітрапаліта Паўла, у якім адзначаецца, што «ў сувязі з цяжкай эпідэміялагічнай сітуацыяй і шпіталізацыяй архіепіскапа Гурыя» выканцам абавязкаў рэктара прызначаецца протаірэй Генадзь Логін.

Ва ўказе Паўла гаворыцца, што Логін у супрацы з санітарнымі дзяржаўнымі службамі і выкладчыкамі семінарыі павінен забяспечыць дэзынфекцыю ўсіх семінарскіх памяшканняў.

Сам Логін у размове з карэспандэнтам «НН» сказаў, што «былі чуткі» пра шпіталізацыю Гурыя, але нічога дакладна пра гэта не ведае. «Я ж звычайны вясковы святар», — сказаў ён.

«Газеце Слонімскай» атрымалася дазнацца, што Гурый сапраўды ў рэанімацыі. Яму стала кепска падчас велікоднай службы. У яго запаленне лёгкіх і падазрэнне на каранавірус. Выданне спасылаецца на благачыннага Слонімскай акругі айца Вадзіма.

Гурыю 63 гады, ён родам з Полацкага раёна. Епіскапам у Навагрудку стаў у 1996 годзе. Лічыцца адным з найбольш кансерватыўных іерэяў БПЦ.

Адначасова таксама прайшлі чуткі, што на каранавірус мог захварэць епіскап Барысаўскі і Пухавіцкі Веніямін (Віталь Тупека). Маўляў, ён мусіў прысутнічаць на сустрэчы вернікаў з Аляксандрам Лукашэнкам у вёсцы Малыя Ляды Смалявіцкага раёна, але не быў дапушчаны.

«НН» атрымалася звязацца з уладыкам Веніямінам. Ён адзначыў, што ў яго няма тэмпературы. «Вы ж чуеце, што ў мяне бадзёры голас. Ёсць лёгкая прастуда, але не больш за тое». Чуткі пра каранавірус Веніямін рашуча абвяргае. «Я не ў бальніцы, цяпер знаходжуся дома, у манастыры», — адзначыў святар.

Заўважым, што ўладыка Веніямін якраз і жыве ў манастыры Дабравешчання Багародзіцы ў Малых Лядах, дзе 19 красавіка на Вялікдзень быў Аляксандр Лукашэнка.

Епіскапу Веніяміну 51 год, ён родам з Лунінца. У сакавіку 2010 года стаў епіскапам Барысаўскім. Мае рэпутацыю святара памяркоўнага і малітоўнага.

Апошняя згадка на сайце епархіі пра служэнне епіскапа Веніяміна — Вялікая Субота, а ўладыкі Гурыя — Уваход Гасподні ў Іерусалім.

Абодва 9 красавіка прымалі ўдзел у пасяджэнне Сінода ўсіх епіскапаў БПЦ.

Фота з запісу фэйсбук-старонкі Аляксандра Шрамко: Жыровіцкі Успенскі манастыр, дзе знаходзіцца рэзідэнцыя ўладыкі Гурыя.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Літва забараніла перасякаць мяжу на матацыклах і мапедах — іх стала занадта шмат

Зараз праз памежныя пераходы ў Медынінкай (з беларускага боку Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі) можна…

16 красавіка 2025

У Гродне прадаюць вядомы начны клуб — з абсталяваннем, штатам і базай кліентаў

У Гродне на продаж выставілі начны клуб "Калізей 2000". Ён прадаецца як гатовы бізнес. Паглядзелі,…

16 красавіка 2025

У Гродне прадаюць падвал з дызайнерскім рамонтам

Прадаюць камерцыйнае памяшканне ў падвале будынка на вул. Савецкіх Пагранічнікаў, 17. Там дызайнерскі рамонт у…

16 красавіка 2025

У Гродне прадаюць маёмасць фірмы «Новое зрение». Клініку пазбавілі ліцэнзіі - яна сышла з Беларусі

У Гродне з аўкцыёну прадаюць памяшканне афтальмалагічнага цэнтра "Новое зрение" на вул. Леніна, 13-3. У…

15 красавіка 2025

У Гродне адкрыўся «партал у 90-я» — чарачная DEHDИ. Уладальнікі адсылаюць да рускіх фільмаў

Чарачная “са смакам дзяцінства” DEHDИ адкрылася ў Гродне на вул. 1-й Працоўнай, 8. Уладальнікі абяцаюць,…

15 красавіка 2025

У Гродне з’явіўся «пакой лютасці» — там легальна можна знішчаць рэчы і тэхніку

У Гродне на Лідскай, 15А адкрыўся "пакой лютасці". Ва ўстанове пад назвай «Дебошь» можна скінуць…

15 красавіка 2025