З песняй пра каранавірус у рэдакцыю Hrodna.life звярнуўся яшчэ адзін чытач. Хлопца зваць Арсень Палубенцаў, ён навучаецца ў адным з каледжаў горада. Відэа з песняй ён выклаў на YouTube 13 красавіка.

«Я бачу як абыякава большасць ставіцца да дадзенай сітуацыі. Мне надакучыла пісаць у каментарыях. Некаторыя нясуць поўнае трызненне пра каранавірус і прыводзяць сумнеўныя доказы і параўнанні. Яны ўводзяць у зман іншых. Менавіта таму я вырашыў напісаць песню. Гэта заклік да дзеянняў у барацьбе з каранавірусам», — кажа Арсень.

https://www.youtube.com/watch?v=Zyardd2JEDM&feature=youtu.be


Калі заклік да дзеянняў спрацаваў і вы жадаеце прыняць удзел у барацьбе з каранавірусам у Гродне, вы можаце ахвяраваць на сродкі абароны або ўключыцца ў іх вытворчасць, зборку і дастаўку.


Як сам Арсень змагаецца з каранавірусам?

Арсень Палубенцаў зараз знаходзіцца на самаізаляцыі. Ён прытрымліваецца ўсіх рэкамендацый ад Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.

«Я хаджу з рэспіратарам тыпу FFP3, маю пальчаткі, грамадскія месцы абыходжу, езджу на ровары, трымаю дыстанцыю і пасля паходу ў краму, не заходзячы ў кватэру, апрацоўваю пакет і ўсе прадукты адмысловым растворам. Раніцай і ўвечары праводжу санітарную ўборку дома. І гэта нармальна.

Я заклікаю ўсіх прытрымлівацца такіх правіл і насіць маскі. І калі хтосьці не разумее, навошта яны патрэбныя, я растлумачу. Маскі патрэбныя ў першую чаргу для абароны навакольных ад вас, а не наадварот. Мы ведаем, што вірус можа працякаць без якіх-небудзь сімптомаў, але чалавек будзе з’яўляцца патэнцыйным разносчыкам. А маска пры выдыху затрымлівае вірусы і мікробы, не даючы ім распаўсюджвацца".

Арсень думае, што з такім як сёння стаўленнем людзей, каранавірус пратрымаецца ў Беларусі мінімум да канца лета. «А да гэтага часу яшчэ, як той казаў, трэба дажыць», — дадаў хлопец.


Якія яшчэ песні запісвалі гродзенцы пра каранавірус?

Гродзенскія школьнікі ў сярэдзіне сакавіка запісалі відэа з песняй, дзе ёсць такія словы: «Мы фашистов победили, победим и эту тварь». Пра дзіўную песню школьнікаў нават распавяло тэлебачанне.

Сябар рэдакцыі Hrodna.life Яраслаў Семінскі любіць імправізаваць. Ён можа напісаць песню за 30 хвілін. Так ён і напісаў трэк «Отдыхает рутина в жажде карантина» на мелодыю «Feel» Робі Уільямса.

Хто яшчэ з гродзенцаў гаворыць на YouTube пра каранавірус?

Лекар з Гродна доктар Аляксандр Лобан запісвае відэа, дзе распавядае пра сітуацыю з каранавірусам. Ён нядаўна прыехаў з Нідэрландаў і вельмі крытычна выказваецца аб мерах, якія прымаюць беларускія ўлады для барацьбы з каранавірусам.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]