Двухтыднёвы каранцін увялі ва ўнутранай частцы Грандзіцкага рынку з 12 красавіка. Пра гэта Hrodna.life паведамілі крыніцы з Гродзенскага аблспажыўсаюза. Са слоў супрацоўнікаў рынку, у загадчыцы адной з крам выявілі станоўчы аналіз на каранавірус.

«У нядзелю прыехала санэпідстанцыя і закрыла прадуктовыя кропкі і магазін ва ўнутранай частцы рынку, — распавядае адзін з грузчыкаў. — Загадчыцы дзесьці за 40, кажуць падхапіла каранавірус, але афіцыйна спасылаюцца на пнеўманію. З ёй жа кантактавалі і іншыя супрацоўнікі. Усіх іх адправілі ў іншыя крамы ці ў адпачынак. А ўнутраную частку рынка прадэзінфікавалі і закрылі на два тыдні».

Інфармацыю не атрымалася ні пацвердзіць, ні абвергнуць афіцыйна ў Гродзенскім аблспажыў саюзе і аддзеле гандлю гарвыканкама. У неафіцыйнай гутарцы супрацоўнікі Скідзельскага рынку, да якога належыць Грандзіцкі рынак, запэўнівалі карэспандэнта Hrodna.life, што закрыццё крамы не звязана з каранавірусам COVID-19.

Аднак дастаўка, якая абслугоўвае краму на Грандзіцкім рынку, пацвердзіла, спасылаючыся на Гродзенскі філіял райпо, што крама ўсё ж такі зачынена на каранцін. Тавары з яе развезлі па іншых крамах спажыўсаюза.

Іншыя рынкі ў Гродне працуюць згодна з графікам.


Чытайце больш пра каранавірус у Гродне, Беларусі і суседніх краінах

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]