Навіны

«Аптэк сем, потым плюнула». Як гродзенцы купляюць медыцынскія тавары, абмежаваныя да продажу

У Беларусі да 1 ліпеня абмежавалі выдачу ў адны рукі некаторых лекаў, масак, аднаразовых пальчатак, антысептыкаў. Гэта павінна дапамагчы вырашыць праблему з іх дэфіцытам. Мы спыталі чытачоў Hrodna.life, колькі аптэк ім давялося абысці, каб купіць патрэбныя падчас эпідэміі тавары. Аказалася, праблема сапраўды ёсць.

«Купіла сабе таблеткі ад ціску на 2 месяцы. Санітайзары, парацэтамол, маскі і пальчаткі купіла яшчэ месяц таму, зусім свабодна і па разумных цэнах. Зараз нічога гэтага няма ў продажы», — напісала адна з самых запаслівых нашых чытачак.

Астатнім, менш прадбачлівым, пашанцавала менш. У сярэднім нашы чытачы ў Instagram абыходзілі 6 аптэк перш чым знаходзілі патрэбны тавар. Некаторыя не знайшлі наогул. Адна з чытачак абыйшла 8 аптэк, але «не купіла нічога, акрамя 9 пар пальчатак (апошнія) выпадкова на Фолюшы».

Іншая чытачка абыйшла 7 аптэк, «потым плюнула і пашыла 10 масак, рукамі, сама, на ўсю сям’ю». Хтосьці сцвярджае, што абышоў у пошуках антысептыку «ўсе аптэкі Фолюша, Паўднёвага» — безвынікова. «У Гродне тыдзень таму парацэтамола не аказалася ні ў адной аптэцы», — напісалі нам таксама.

«На вул. Томіна і вул. Славінскага пастаянна няма масак», — напісаў яшчэ адзін з чытачоў. Іншы тэлефанаваў на гарачую лінію і сцвярджае, што пачуў там у адказ: «Не ведаем, калі будуць маскі».

Лайфхак: можна стаць у чаргу двойчы

Адносна масак і антысептыкаў аптэкі ўжо ў сакавіку ўводзілі ўнутраныя абмежаванні. Так, на мінулым тыдні гродзенцы, маці хлопца з анкалогіяй, якому маскі патрэбныя ў вялікай колькасці кожны дзень, адмовіліся прадаваць больш дзвюх на рукі. Калі журналіст s13.ru звязаўся з аптэкай, дзе гэта адбылося, там адказалі, што можна стаць у чаргу некалькі разоў. Карэспандэнту Hrodna.life абмежаванне на продаж санітайзара ў аптэцы на Антонава патлумачылі тым, што «іншаму не хопіць»: усяго заставалася шэсць бутэлечак.

Каму без маскі нельга выходзіць з дому

8 красавіка выйшаў загад, згодна з якім кантакты першага ўзроўню інфіцыраваных COVID-19 больш не будуць шпіталізаваць. Іх абавяжуць самаізалявацца дома, і толькі пры немагчымасці самаізаляцыі будуць накіроўваць у кантактныя цэнтры. Тым, хто адправіцца на самаізаляцыю, выдадуць пад подпіс патрабаванне аб захаванні правіл, сярод якіх — пры выхадзе з жылога памяшкання ў выпадках крайняй неабходнасці выкарыстоўваць маску. Таксама дэзсродкамі павінны забяспечыць работнікаў кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, маскі рэкамендуюць апранаць усім, у каго ёсць сімптомы рэспіраторнага захворвання.

Чаму менавіта гэтыя прэпараты

Парацэтамол зараз можна купіць не больш за 40 таблетак незалежна ад дазоўкі. Менавіта яго, а не, напрыклад, ібупрафен, рэкамендуюць прымаць, каб збіць высокую тэмпературу. Эксперты лічаць, што супрацьзапаленчы кампанент ібупрафена можа змяншаць эфектыўнасць імуннай сістэмы чалавека ў барацьбе з вірусам, піша bbc.com. Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) рэкамендавала людзям з сімптомамі Covid-19 пазбягаць яго прымянення.

Такім жа чынам абмежавалі адпачынак і для «Арпетола» і «Флустопа». «Арпетол» — супрацьвірусны прэпарат. «Флустоп» — беларускі аналаг «Таміфлю», якім лячылі пнеўманіі і свіны грып у 2009 годзе. Як пісаў kp.by, менавіта «Флустоп» цяпер часта прызначаюць лекары пацыентам, якія скардзяцца на тэмпературу і іншыя праявы хваробы. Тлумачаць гэта тым, што акрамя каранавіруса ходзіць цяпер і звычайны грып, які таксама выклікае вірусную пнеўманію. Таксама «Флустопам» камплектуюць бальніцы.

Сапраўды, з абласных цэнтраў, па звестках apteka.103.by на вечар 10 красавіка, прэпарат ёсць толькі ў адной аптэцы Віцебска і адной (у колькасці 1 шт.) Гомеля. З «Арпетолам» сітуацыя не такая крытычная.

Як піша t*t.by, урад прыняў рашэнне вызначыць адзіным аператарам па рэалізацыі ўсяго асартыменту ахоўных вырабаў РУП «Белфармацыя», а для паставак яго ў медустановы — РУП «Белмедтэхніка». Гэта павінна забяспечыць празрыстасць паставак і раўнамернае размеркаванне ахоўных сродкаў па ўсёй краіне.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Два падлеткі са Слоніма атрымалі крымінальную справу — за што?

Два хлопцы са Слоніма, узростам 14 і 15 гадоў, атрымалі крымінальны артыкул за хуліганства, здзейсненае…

19 верасня 2024

Стала вядома, колькі будзе каштаваць кватэра ў новым мікрараёне «Вясенні»

Дом у раёне вуліц Каліноўскага і Вясенняй, які пачалі будаваць у пачатку верасня, плануюць здаць…

19 верасня 2024

Гродзенцы абурыліся з-за платнай паркоўкі ля адной з новабудоўляў - $ 2000 за месца

Канфлікт разгарнуўся вакол паркоўкі ў новым доме на вуліцы Савецкіх пагранічнікаў. Гродзенцы абураны тым, што…

19 верасня 2024

Пад Гроднам прадаюць гатовы бізнес па вырошчванні дурніц

Фермерская гаспадарка знаходзіцца ў вёсцы Пальніца, што ў 23 кіламетрах ад Гродна. Гаспадарка дзейнічае —…

19 верасня 2024

У Швейцарскай даліне з’явілася новая сцежка. Куды яна вядзе?

На ўчастку ад вуліцы Мітрапаліта Філарэта да прыпынку «Цэнтр занятасці» на вуліцы Дзяржынскага амаль скончылі…

18 верасня 2024

Прадзюсарскі цэнтр, які няўдала судзіўся з Бондаравай, абскардзіў рашэнне суда (абноўлена)

ТАА "Флагман М'юзік" не пагадзілася з адмовай у іску аб абароне дзелавой рэпутацыі да актывісткі…

18 верасня 2024