Каб праверыць, як выконваецца самаізаляцыя, двойчы ў дзень адпраўляюцца па адрасах медыцынскія работнікі ўсіх гарадскіх паліклінік, супрацоўнікі занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі і міліцыі, піша grodnonews.by.
Як паведамілі ў занальным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, толькі за ўчорашні дзень такія камісіі пабывалі па амаль двумстах адрасах. Гродзенцы выконваюць самаізаляцыю і не скардзяцца на самаадчуванне.
— У першай палове дня падчас абыходу спецыялісты не змаглі пагутарыць з васемнаццаццю гродзенцамі. Па тэлефоне высветлілі, што шасцёра з іх самаізаляваліся на дачах. Астатнія, хоць і не адчынілі дзверы па розных прычынах, запэўнілі, што рэжым выконваюць. У гэтым на свае вочы пераканаліся, пабываўшы па гэтых адрасах у другой палове дня, — распавядае намеснік галоўнага лекара ЗЦГЭ Ірына Тупік.
Гродзенцы не згодныя са СМІ
Між тым чытачы Hrodna.life пішуць, што іх самаізаляцыя выглядае не так, як яе паказваюць у СМІ.
— У першы дзень пра мяне нават не ўспомнілі. На другі дзень патэлефанавала ўчастковая лекарка з паліклінікі, спытала, ці сяджу дома, а потым сказала: «Ну, цяпер вы мне тэлефануеце кожны дзень і кажаце пра сваё самаадчуванне», — расказвае хлопец, пра якога Hrodna.life пісаў раней і які павінен выконваць каранцін.
Белорус ехал из Германии и попал на карантин в Польше: вот как это выглядит
Што можна рабіць на самаізаляцыі?
У чатырнаццацідзённай самаізаляцыі дазваляецца наведваць бліжэйшыя харчовы магазін і аптэку, выгульваць жывёл у радыусе паўкіламетра ад дома і выносіць смецце ў бліжэйшы месца яго збору. Аднак для гэтага трэба адпаведна экіпіравацца-надзець маску і пальчаткі, выконваць дыстанцыю ад іншых людзей у паўтара метра.