Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, на 6 красавіка ў Беларусі зафіксавана 700 пацверджаных выпадкаў каранавіруса. За апошнія суткі рост хворых склаў 25%, напярэдадні - 28%, 4 красавіка прырост таксама быў 25%, 3 красавіка — 17%.
На стацыянарным лячэнні ў Беларусі знаходзяцца 634 чалавекі. Асноўная частка — асобы першага кантакту, якія былі выяўленыя ў ходзе эпідрасследованняў і на момант тэставання знаходзіліся ў шпіталях. У большай часткі пацыентаў захворванне працякае ў лёгкай ці сярэдняй форме.
Пасля праходжання лячэння ачунялі 53 чалавекі. Міністэрства аховы здароўя пацвердзіла 13 выпадкаў смерці пацыентаў з шматлікімі хранічнымі захворваннямі, абцяжаранымі каранавіруснай інфекцыяй.
Усяго за апошнія двое сутак з медустаноў выпісана 355 пацыентаў, якія знаходзіліся на розных формах кантролю і лячэнні. Па стане на 6 красавіка ў Беларусі праведзена больш за 40 тыс. тэстаў на каранавірусную інфекцыю. Для правядзення тэставання задзейнічана 13 лабараторый.