Нечаканы спосаб адзначыць Міжнародны дзень дзіцячай кнігі, які святкуюць 2 красавіка, у дзень нараджэння Ганса Хрысціяна Андэрсана, прапануюць чытачам бібліятэкары з Гродна. Трэба загадаць жаданне і выбраць дзве лічбы — яны вызначаць нумар старонкі і радок кнігі, дзе знойдзецца адказ. Пасля гэтага — патэлефанаваць у бібліятэку і даведацца, ці збудзецца жаданне і як менавіта. Адказваць на званкі будуць бібліятэкары і Ганс Хрысціян Андэрсан.
«Мы ўчынім варажбу на кнізе», — тлумачыць маркетолаг гарадской цэнтральнай бібліятэкі Наталля Наземцева. Па задуманых чытачамі каардынатах — нумару старонкі і нумару радка, будзе адкрывацца кніга. Для пошуку адказаў возьмуць зборнік казак Андэрсана, у якім 18 казак на 286 старонках.
Ахвотныя атрымаць адказы на важныя і не вельмі важныя пытанні могуць патэлефанаваць у аддзел абслугоўвання дзяцей гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя А. Макаёнка па гарадскім нумары 69−59−49 або на мабільны 375−297−877−689 (МТС).
Называйце свае лічбы і атрымаеце адказ-цытату. Званкі будуць прымаць з 10.30 да 18.30.
Карыстальнікі сацыяльных сетак таксама змогуць паваражыць на кнігах. Для гэтага трэба пакінуць 2 лічбы ў каментары да паста ў профілі Натальлі Наземцавай і чакаць цытату ў адказ.
Сёлета Міжнародны дзень дзіцячай кнігі адзначаюць у 53-і раз. Ініцыятаркай дня дзіцячай кнігі была Йелен Лепман. Галоўная ідэя гэтага свята — прыцягнуць ўвагу да кніг і зацікавіць чытачоў.