Сёлета прозвішча Жугжда ў афішы тэатра лялек нечакана сустракаецца побач з імем Аглая. Спектакль «Тое самае сланяня» ставіць дачка таго самага Алега Жугжды, што з’яўляецца тут галоўным рэжысёрам. Прэм’еру гродзенцы пабачаць 28 і 29 сакавіка. Упершыню ў гісторыі тэатра спектакль будзе адначасова транслявацца ў сеціве.

Гродзенская пастаноўка — дэбютная рэжысёрская праца Аглаі Жугжды. Сёлета яна скончвае Расійскі дзяржаўны інстытут сцэнічнага мастацтва ў Санкт Пецярбургу. Спектакль паводле казкі Кіплінга стане яе дыпломнай працай. Над вобразамі лялечных звяроў з Афрыкі працавала студэнтка той жа навучальнай установы, мастачка-сцэнографка Ксенія Альхоўская. Музыку да спектакля напісаў Віталь Леонаў.

У Афрыку з лялечным сланом і Аглаяй Жугждай: тэатр лялек анансаваў прэм’еру
Рэжысёрка Аглая Жугжда (справа) і мастачка Ксенія Альшэўская

Сланы — гэта сімвалічна

Аглая прызналася, што выбар казкі не быў выпадковым. Сланы ёй падабаліся з дзяцінства і дома назбіралася цэлая калекцыя слановых статуэтак. Казка пра сланяня была ў дзяцінстве Аглаі адной з самых любімых. «Я доўга шукала матэрыял [для дыпломнай працы], а потым выпадкова наткнулася на гэту казку. Падумала, гэто гэта яно, што гэта сімвалічна».

У Афрыку з лялечным сланом і Аглаяй Жугждай: тэатр лялек анансаваў прэм’еру

У казцы Кіплінга сваякі выхоўваюць сланяня не надта добрымі спосабамі. На малога ўвесь час сыплюцца тумакі і затрэшчыны. Але гэта, паводле Аглаі, больш мастацкая гіпербала, а не тое, што ёй бы хацелася расказаць гледачам.

«Галоўнае, што сланяня не ператварылася ў такога самага, як тыя дзядзюхны і цётухны, што змагло захаваць у сабе дабрыню і пытлівы розум».

У Афрыку з лялечным сланом і Аглаяй Жугждай: тэатр лялек анансаваў прэм’еру

Лялькі з настроем вар’яцтва і свавольства

Мастачка Ксенія Альхоўская расказала, што вельмі любіць працаваць з дзецьмі і спектаклем 3+ згадзілася заняцца «за мілую душу».

«Калі працую ў дзіцячых пастаноўка, падабаецца, што можна ўнесці ў спектакль долю хуліганства. Падабаецца, як дзеці на гэта рэагуюць».

Праз лялькі Ксеніі да «пакладзістага» характару галоўнага героя дадалося трохі вар’яцтва і свавольства. «Хацелася зрабіць яго трохі не такім, як прывыклі бачыць у савецкіх мульціках. Каб пераадоленне цяжкасцяў ішло не праз пакуты, а праз свавольства і маладосць душы».

У Афрыку з лялечным сланом і Аглаяй Жугждай: тэатр лялек анансаваў прэм’еру

Спрабавалі на ўласнай скуры. То бок, на скуры сланяняці

Па словах Алега Жугжды, назіранне за працай маладой рэжысёркі дало шмат падставаў для роздуму. «Прэм'ера дачкі - падвойная адказнасць. Не толькі за свайго паслядоўніка, але і за тэатр агулам. З іншага боку, гэта магчымасць дыстанцыравацца, паглядзець з боку, поглядам не толькі рэжысёра, але і гледача — там цікава, там не цікава».

Што да бацькоўскага погляду на працу Аглаі, то праз яе дарослае бачанне свету Алег Жужжда імкнуўся пабачыць уплывы дзяцінства: «Было цікава, наколькі мы, бацькі, былі ў яе вачах свірэпымі і жорсткімі і ці правільна мы выхоўвалі сваю дачку».

У Афрыку з лялечным сланом і Аглаяй Жугждай: тэатр лялек анансаваў прэм’еру
Алег Жугжда, галоўны рэжысёр Гродзенскага тэатра лялек
Галоўрэж кажа, што з яго боку не было спробаў навязаць асабістае бачанне і што дэбютанткі мелі поўную свабоду:

«Сучасная моладзь не схільная слухаць парады старэйшага пакалення, як, агулам, любая моладзь. Яна заўжды аддае перавагу таму, каб адчуць усё на ўласнай скуры. А ў дадзеным выпадку, на скуры сланяняці».

На сцэне і анлайн

На прэм’еру традыцыйна чакаюць шмат гледачоў. Партэр ужо зараз практычна ўвесь выкуплены. Адначасова, лялечнікі з разуменнем ставяцца да выбару тых, хто вырашыў трымацца сацыяльнай ізаляцыі і праз тое прапусціць прэм’еру.

Для такіх аматараў тэатра будзе арганізавана анлайн-трансляцыя спектакля. Гэта будзе першая спроба наўпроставага стрыму ад гродзенскіх лялечнікаў.


Чытай яшчэ: Прэм’еры і анлайны гродзенскіх тэатраў падчас каранавірусу


Таксама ў сувязі з эпідэмічнай абстаноўкай тэатр лялек размясціў у сеціве некалькі сваіх спектакляў мінулых гадоў. «Спадзяюся, гэта даставіла гледачам некалькі прыемных хвілін, а можа нават і гадзін», — кажа галоўны рэжысёр.

Прэм’ерны спектакль пасля трансляцыі з вольнага доступу здымуць. Алег Жугжда выказвае спадзеў, што эпідэмічная сітуацыя неўзабаве стабілізуецца і гледачы атрымаюць магчымасць пабачыць пастаноўку непасрэдна на сцэне.

«Хаця гаварыць пра перспектывы вельмі складана. У такой крызіснай сітуацыі мы яшчэ не былі».

У Афрыку з лялечным сланом і Аглаяй Жугждай: тэатр лялек анансаваў прэм’еру

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]