Цягам двух тыдняў па справе апыталі пацярпелых і іх прадстаўнікоў, выслухалі сведкаў і разгледзелі матэрыялы справы. У далейшых пасяджэннях павінен быў даць паказанні абвінавачаны і пацярпелы з найбольшай колькасцю эпізодаў. 23 сакавіка суддзя вырашыў зрабіць далейшы разгляд справы закрытым. Публічна аголошваць будуць толькі вынікі судзебных рашэнняў.
Такім чынам, даведацца матывы абвінавачанага не атрымаецца.
У судзе Ленінскага раёна Гродна 9 сакавіка пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да кіраўніка гуртка робататэхнікі, які, на думку следства, на ўроках ужываў наркотыкі і схіляў да гэтага сваіх вучняў. Следчымі было выяўлена, што аднаго пацярпелага ён схіліў не менш за 12 разоў да ўжывання наркотыкаў, іншага — не менш як 9, не менш за 3 разы — трэцяга пацярпелага.
Па дадзеных следства, 38-гадовы гродзенец з верасня 2018 года па кастрычнік 2019 года набываў марыхуану і частаваў ёю непаўналетніх — сваіх вучняў. Мужчына вёў курс «Робататэхніка». Гродзенца затрымалі 4 кастрычніка 2019 года. Расследаванне ішло чатыры месяцы. Калі яго затрымалі, апынулася, што за ім сачылі ўжо паўгода — столькі часу ў кабінеце знаходзілася камера.
Бацькі дзяцей не верылі, што такое магло адбыцца. Казалі, што ні разу не адчувалі ў кабінеце паху марыхуаны або цыгарэт. Яны выказаліся аб выкладчыку станоўча: казалі, кошты ў яго курса нізкія, а якасць высокая. У абвінавачанага ёсць жонка і трое дзяцей.
Hrodna.life будзе сачыць за працэсам.