Справу аб смяротнай аварыі з удзелам скутэрыста і кіроўцы «Мерседэса» разглядалі больш за тры гады. Разгляды прайшлі ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна і Гродзенскім абласным судзе, які пакінуў прысуд першай інстанцыі без зменаў. Абвінавачаная атрымала 2,5 гады ў калоніі-пасяленні, на 5 гадоў была пазбаўленая права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем аўтамабілем, а таксама абавязана была выплаціць матэрыяльную кампенсацыю родным. Яна накіравала скаргу ў Вярхоўны суд.

У пачатку 2020 года Вярхоўны суд разгледзеў скаргу абвінавачванай. Ён знайшоў у справе парушэнні, таму прысуд адмянілі. Новы разгляд справы будзе гэтай вясной у тым жа судзе ў іншым складзе суддзяў.


Чытайце таксама: Областной суд вынес приговор по делу о смертельной аварии с участием скутериста


Былая абвінавачаная кажа, што, верагодна, пацярпелыя не накіроўвалі са свайго боку скаргу ў Вярхоўны суд, інакш яна атрымала б пра гэта паведамленне. Раней яны казалі: «Калі яна [абвінавачаная — аўт.] не спыніцца, то і мы не спынімся».

Што за аварыя?

Аварыя адбылася ў 2016 годзе. Як пісаў AutoGrodno.by, 22-гадовая дзяўчына за рулём «Мерседэса» ехала з боку Паўднёвага рынку і паварочвала налева. Скутэрыст рухаўся з кальца Славінскага-Перамогі прама, калі яму не саступіў дарогу аўтамабіль. ДТЗ адбылося ў 10:37 на скрыжаванні Індурская шаша — Кабяка. 32-гадовы кіроўца скутэра быў у шлеме, аднак ад атрыманых траўмаў памёр на месцы аварыі.

Справу спынілі за адсутнасцю складу злачынства, потым зноў аднавілі. Праз тры гады пракуратура распачала крымінальную справу ў дачыненні да вадзіцеля «Мерседэса». Ёй было прад’яўлена абвінавачванне па артыкуле 317 КК РБ. Бацька загінулага ў свой час шукаў сведкаў, стоячы на ​​месцы аварыі з плакатам. Сям’я загінулага казала пра тое, што вінаватую аварыі «крышуюць», пра адсутнасць следчых эксперыментаў і недастатковы пошук сведак. Дзяўчына да мая 2019 года не размаўляла з журналістамі, а потым расказала сваю версію падзей Hrodna.life.

Справе больш за тры гады

Прысуд па справе аб аварыі са смяротным зыходам з удзелам скутэрыста вынеслі 20 жніўня 2019 года. Дзяўчына-вадзіцель «Мерседэса» атрымала 2,5 гады ў калоніі-пасяленні і на 5 гадоў была пазбаўленая права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем аўтамабілем.

Яе судзілі па ч.2 арт.317 КК і прызналі вінаватай у парушэнні правілаў дарожнага руху, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека. Яна павінна была заплаціць кампенсацыю пацярпелым — па 10 000 рублёў маці, бацьку і ўдаве, і 15 000 — сыну загінулага. А таксама аплаціць судовыя выдаткі і юрыдычную дапамогу, атрыманую пацярпелымі.

Прысуд суда Кастрычніцкага раёна не задаволіў абодва бакі

Яны адправілі апеляцыйныя скаргі ў абласны суд. 29 кастрычніка 2019 пачаўся разгляд.

Абвінавачаная Дар’я прасіла адмяніць прысуд і прызнаць яе невінаватай. Грамадзянскі адказчык — яе муж — прасіў падзяліць грашовую кампенсацыю паміж ім і ўладальнікам скутэра, на якім перасоўваўся загінулы. Пацярпелыя прасілі даць абвінавачванай максімальны тэрмін па артыкуле — пяць гадоў. І павялічыць грашовыя кампенсацыі бацькам, удаве і дзіцяці загінулага: кожнаму заплаціць па 30 000. Таксама яны прасілі прыбраць з матывіровачнай часткі прысуду змякчальныя абставіны — аказанне дапамогі і прызнанне сваёй віны. Апошняе таксама прасіў пракурор.

Абласны суд пакінуў прысуд суда Кастрычніцкага раёна без зменаў. Ён не задаволіў апеляцыйныя скаргі абвінавачанай і пацярпелых, а таксама грамадзянскага адказчыка. Не задаволілі і пратэст пракурора.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]