У Мінску 21 сакавіка матчам супраць “Іслачы” гродзенскі “Нёман” стартаваў у чэмпіянаце Беларусі па футболе. Каманда Ігара Кавалевіча саступіла гаспадарам у самай канцоўцы сустрэчы.
У першым матчы сезону “Нёман” выйшаў на гульню супраць “Іслачы” наступным складам: Дудар, Кантарыя, Слабашэвіч, Коваль, Якімаў, Ляшко, Стойкавіч, Кадымян, Лягчылін і Марушыч. У параўнанні з мінулым сезонам у старце гродзенскай каманды з’явіліся чатыры новых футбаліста.
“Нёман” добра правёў першы адрэзак матчу: упэўненая абарона і вастрыня ў нападзе былі прыкметныя ў гульні гродзенцаў, але шматлікія фалы на давалі камандам нармальна гуляць. На 43-й хвіліне нападнік “Нёмана” Марушыч атрымаў другую жоўтую картку за фол супраць суперніка і быў выдалены з поля.
Нягледзячы на страту форварда, у самым канцы першага тайма Андрэй Якімаў мог вывесці гродзенцаў наперад, але мяч пасля стандарту трапіў у перакладзіну.
У другім тайме больш актыўна выглядалі ўжо гаспадары. У меншасці “Нёман” добра трымаўся і нават спрабаваў ствараць вастрыню каля варот “Іслачы”. Але ў канцоўцы сустрэчы гаспадары ўсё ж такі даціснулі гасцей. На 88-й хвіліне Янсане з-за межаў штрафной паразіў вароты гродзенцаў. Гэты гол і стаў пераможным для “Іслачы”.
“Іслач” (Мінскі р-ён) – “Нёман” (Гродна) – 1:0
Галы: 1:0 – Янсане (88, пас – Януш).
Галоўны трэнер “Нёмана” Ігар Кавалевіч пасля матчу:
– Добры матч. Нам супрацьстаяла добрая каманда. План на гульню мы па вялікім рахунку выканалі. Суддзя гульню зламаў. Ні за што пакідаць каманду ўдзесяцёх… Ёсць розныя трактоўкі правілаў. Двайныя, а ў гэтага суддзі патройныя стандарты. Нічога не зробіш. Не хапіла крыху на канцоўку. Не датрывалі. Хоць, калі яшчэ на поле быў Кадымян, у нас атрымліваліся і ў меншасці добрыя атакі. Але ён яшчэ не гатовы гуляць 90 хвілін. Хацелі ўзмацніць абарону і знялі яго з гульні, але, можа быць, і абарону не ўзмацнілі, і наперадзе менш стала атрымлівацца. Да хлопцаў прэтэнзій няма. Гуляючы з добрай камандай, паказалі што маглі.
Свой наступны матч “Нёман” правядзе ў Гродне 29 сакавіка і будзе прымаць “Віцебск”, які ў першым туры аказаўся мацнейшым за “Гарадзею”.


