Польшча працягвае радыкальнае змаганне з распаўсюджваннем каранавіруса. Пра гэта расказаў на прэс-канферэнцыі прэм’ер-міністр Польшчы Матэуш Маравецкі. Канферэнцыя пачался 20 сакавіка каля 20.40 па беларускім часе.

Урад Польшчы вырашыў абвясціць у краіне стан эпідэміі. Заняткі ў школах не адновяцца раней Вялікадня 12 красавіка.

Па словах прэм’ер-міністра, наступыя тыдні павінны быць тыднямі дысцыпліны і самаізяляцыі. За парушэнне абавязковага каранціну пакаранне павышаецца з 5000 да 30 000 злотых (6500 еўра). Хатні каранцін абавязковы для ўсіх, хто зараз вяртаецца ў Польшчу з-за мяжы, з невялікім выключэннямі. Паліцыя кантралюе захаванне каранціну, правяраючы людзей, якія пад ім утрымліваюцца, двойчы ў дзень.


Чытайце таксама: Беларусы прайшлі «закрытую» мяжу і расказалі пра каранцін у Польшчы


Міністр адукацыі Дарыюш Пянткоўскі паведаміў, што больш за 90% польскіх школаў праводзяць дыстанцыйнае навучанне рознымі спосабамі. З 25 сакавіка, нягледзячы на тое, што школы застануцца закрытымі, у іх будзе абавязак далей рэалізоўваць праграму навучання.

Міністр аховы здароўя Лукаш Шумоўскі расказаў, што на гэты момант было праведзена 13,1 тыс. тэстаў. «У нас ужо ёсць 30 лабараторый, таму нашы магчымасці растуць, — сказаў міністр. — У бліжэйшыя дні ў нас будзе тысяча, дзве тысячы хворых, праз тыдні два іх можа быць нават 10 000. Казаць пра тое, калі ўсё скончыцца, неразумна».

Нягледзячы на ўведзены стан эпідэміі, не будзе змен у школьны каляндар. Таксама не будуць перанесеныя прэзідэнцкія выбары — першы тур прызначаны на 10 траўня 2020.

Што яшчэ адбываецца ў Польшчы ў сувязі з каранавірусам?

Колькасць заражаных ва ўсім свеце ўжо перавышае 245 000, з іх больш за 10 000 чалавек памерла і больш за 88 000 ачуняла. У Польшчы было пацверджана 411 выпадкаў захворвання, з іх 5 памерлі. У краіне забаронены сходы больш за 50 чалавек, закрытыя межы, абмежаваны гандаль, паслугі, транспарт.

Сярод заражаных каранавірусам таксама міністр аховы навакольнага асяроддзя Міхал Вось і яго жонка ды дачка (ім ужо лепей, яны выпісаныя на хатні каранцін), а таксама адзін з віцэміністраў сельскай гаспадаркі - кіраўніцтва міністэрства праз гэта вымушана таксама знаходзіцца ў каранціне і працаваць дыстанцыйна.

Сёння ўрад дазволіў польскім фірмам адкласці аплату ZUS (аналаг беларускага ФСЗН) на тры месяцы. Гэта істотная палёгка, бо многія фірмы, асабліва транспартныя, а таксама рэстараны і кафэ, зараз у вельмі цяжкім фінансавым стане.

Познаньскае выданне Gazeta Wyborcza адзначае, што хаця ў крама няма дэфіцыту тавараў, аднак заўважны рост цэн. Знікаюць звыклыя прамоцыі, расце ў цане бытавая хімія, туалетная папера, прадукты.

Каб супрацьдзейнічаць эканамічнаму спаду, звязанаму з эпідэміяй, урад Польшчы выдзеліць каля 212 млрд злотых (45 млрд еўра) на т.зв. «антыкрызісны шчыт», гэта значыць дапамогу для прадпрымальнікаў, рабочых і аховы здароўя.


Чытайце таксама: Бізнес гродзенскіх перавозчыкаў пад ударам з-за закрыцця межаў


Таксама 20 сакавіка стала вядома, што лекі, якія выкарыстоўваюцца для змагання з ВІЧ, не падзейнічалі на каранавірус SARS-CoV-2. Лекары спадзяваліся, што камбінацыя лапінавіру і рытанавіру зможа перамагчы вірус.


Чытайце таксама: «Антисептик, все дела» і «У нас так не бахне». Распыталі гродзенцаў, ці трэба закрываць межы і ўводзіць каранцін (відэа)