25 сакавіка святкаванне 102-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі пройдзе ў фармаце анлайн-свята «Годны Дзень Волі» з удзелам вядомых беларускіх дзеячаў культуры, грамадскіх актывістаў і музычных гуртоў.
Абставіны ў Беларусі і свеце вымусілі ўсіх заяўнікаў масавых мерапрыемстваў да Дня Волі адмовіцца ад сваіх планаў, тлумачаць арганізатары.
Чытайце таксама: Дзень Волі ў Гродне адмянілі праз каранавірус. Свята пройдзе ў іншым фармаце
Анлайн-свята назвалі «Годны Дзень Волі», бо ў 2018, і ў 2019 годзе атрымалася арганізаваць годнае адзначэнне Дня Волі ў Гродне і Мінску. Сёлета ў сувязі з пандэміяй каранавірусу і адкліканнем гродзенскімі, а следам і мінскімі арганізатарамі заявак на масавыя мерапрыемствы, свята на Дзень Волі вырашылі арганізаваць у новым фармаце.
«Наша задача з дапамогай сучасных новых медыя аб’яднаць беларусаў у розных кутках Зямлі і праз анлайн-трансляцыю з насычанай праграмай і цікавымі гасцямі стварыць атмасферу агульнай еднасці і салідарнасці, злучыць разам беларусаў, для якіх Дзень Волі — галоўнае нацыянальнае свята, якое трэба годна адзначаць у любых умовах», — расказваюць ініцыятары такога святкавання, прадстаўнікі «Каманды БНР100».
25 сакавіка яны запрашаюць далучыцца да анлайн-свята «Годны Дзень Волі» з дапамогай вашых тэлефонаў, камп’ютараў і тэлевізараў. Трансляцыя пачнецца, а 18.00 на сайце Hodna.by і ў сацыяльных сетках.
Таксама арганізатары заахвочваюць расказваць, як беларусы адзначаюць Дзень Волі 2020 у сацыяльных сетках і пазначаць публікацыі хэштэгам #БНР102.
Чытайце таксама: ФОТА: Гродна адзначае Дзень Волі
«Спадзяемся, што арганізацыю свята і яго анлайн-трансляцыі падхопяць папулярныя беларускія СМІ і блогеры, а беларусы дапамогуць праз сервіс Molamola.by пакрыць выдаткі на яго правядзення», — пішуць ініцыятары святкавання.