Расклад транспарту, на якім беларусы змогуць вярнуцца дадому, на старонцы ў Facebook размясціла Міністэрства замежных спраў Беларусі.

Як выбрацца з Польшчы?

Па інфармацыі ад аўтобуснай фірмы Markus, з 17 па 22 сакавіка будуць арганізаваны штодзённыя аўтобусныя рэйсы па маршруце Бяла-Падляска — Цярэспаль — Брэст. Для ўключэння ў спіс выязджаючых у Беларусь неабходна папярэдне звязацца з консульствам Беларусі ў Бяла-Падлясцы па тэлефонах +48 (83) 342−1814, +48 (83) 342−1816, + 48−605−048−505.

Адпраўленне аўтобусаў з Бяла-Падляскі (ад гасцініцы «Дельфин», Aleja Jana Pawіa II, 11) — у 12.00, з Тересполя (ад чыгуначнага вакзалу) — у 12.40.

Таксама могуць быць арганізаваныя рэйсы з Варшавы. Консульскі аддзел амбасады прапрацоўвае магчымасць арганізацыі фірмай Teambus Travel з 18 да 24 сакавіка аўтобусных рэйсаў па маршрутах Варшава — Брэст і Варшава — Гродна. Рэйсы будуць выконвацца ў выпадку наяўнасці дастатковай колькасці жадаючых. Зацікаўленыя павінны даслаць свае дадзеныя (імя і прозвішча ў лацінскім напісанні згодна з пашпартам, кантактны нумар тэлефона) з указаннем канчатковага пункту накіравання «Брэст» або «Гродна» на электронны адрас консульскага аддзела [email protected] з пазнакай у тэме «Выезд у Беларусь».

Меркаваны час адпраўлення з Варшавы — 12.00, Палац культуры і навукі, plac Defilad 1, 00−901 Warszawa.

Як выбрацца з Літвы?

Беларусы, якія захраснулі ў Літве, таксама змогуць скарыстацца адмысловымі рэйсамі. Яны арганізаваныя пасольствам Беларусі. 17 сакавіка ў 13.00 і 17.00 будуць пушчаныя аўтобусы ад пункта пропуску Прывалка да Гродна. Падрабязную інфармацыю можна даведацца па тэлефоне 37 060 016 244. Магчымы выезд і ў іншыя дні - заяўкі будуць разглядацца.


Як паведамляў МЗС Беларусі, з 13 сакавіка на 10 дзён (з магчымасцю падаўжэння тэрміну) межы Польшчы закрыты для пропуску замежных грамадзян. З 15 сакавіка польскім бокам прыпынены памежны рух на беларуска-польскім участку мяжы, спынены міжнародныя авія- і чыгуначныя зносіны, у тым ліку транзітны праезд.

На беларуска-польскай мяжы спынены памежны рух у наступных пунктах пропуску: Белавежа — Перароў (аўтадарожны/пешаходны), Чарамха — Высока-Літоўск (чыгуначны), Полаўцы — Пясчатка (аўтадарожны), Славацічы — Дамачава (аўтадарожны), Рудаўка — Лясная (рачны).

www.youtube.com/watch?v=xpugWj0O7zo&feature=youtu.be

Грамадзяне Беларусі, якія маюць права на пастаяннае жыхарства ў Польшчы, могуць з’ехаць у Польшчу праз адкрытыя для асаблівага руху памежныя пераходы, але пры гэтым падлягаюць накіраванню на 14-дзённы карантын.

Унутраны аўтамабільны, чыгуначны і авіяцыйны транспарт у Польшчы будзе функцыянаваць.