Украіна з-за каранавірусу закрые мяжу для замежных грамадзян на два тыдні. Пра гэта заявіў сакратар Савета нацыянальнай бяспекі і абароны краіны Аляксей Данілаў, піша БЕЛТА.
«Праз 48 гадзін наша краіна закрые мяжу для замежных грамадзян. МЗС папярэдзіць цяпер усе ўстановы, усе краіны аб тым, што мяжа Украіны для замежных грамадзян на два тыдні будзе зачынена», — заявіў Аляксей Данілаў.
У той жа час украінцам раяць абмежаваць замежныя і турыстычныя паездкі. «Усе грамадзяне Украіны, якія сёння знаходзяцца за мяжой, будуць мець магчымасць вярнуцца ў краіну. Але хто знаходзіцца ў краінах, у якіх сёння „бурліць“ каранавірус, будзе праходзіць пэўныя працэдуры назірання», — заявіў сакратар СНБА.
13 сакавіка ва Украіне зарэгістравана першая смерць ад каранавіруса, памерла 71-гадовая жанчына з Жытомірскай вобласці. У Міністэрстве аховы здароўя адзначаюць, што жанчына была ў групе рызыкі. Паводле дадзеных СААЗ, пажылыя людзі найбольш ўразлівыя да каранавірусу.