Вечарам 13 сакавіка, каля 21.20 па беларускім часе, пачалася прэс-канферэнцыя прэм’ер-міністра Польшчы Матэуша Маравецкага з нагоды сітуацыі з каранавірусам у краіне. Улады забараняюць уезд замежнікаў у краіну з 15 сакавіка. Але будуць выключэнні. Таксама забараняюцца сходы і абмяжоўваецца праца гандлёвых цэнтраў.
Забаранілі сходы і закрылі гандлёвыя цэнтры
“Мы забараняем сходы больш за 50 чалавек. Забарона распаўсюджваецца на дзяржаўныя і мясцовыя дзяржаўныя ўстановы, шэсці і рэлігійныя абрады”, – кажа прэм’ер-міністр.
“Шаноўнае спадарства, гэта складаныя рашэнні, але яны дазволяць нам – я спадзяюся – пазбегнуць яшчэ больш складаных часоў. Багаслужэнні ў Польшчы будуць транслявацца ў інтэрнэце. Я ведаю, што такія абмежаванні змяняюць жыццё мільёнаў палякаў”, – дадае ён.
З ночы з пятніцы на суботу ў Польшчы пачнецца абмежаванне дзейнасці гандлёвых цэнтраў, а таксама бараў і рэстаранаў. Няма абмежаванняў на крамы па-за гандлёвымі цэнтрамі. Усе крамы і пункты абслугоўвання, а таксама банкаўскія пункты будуць адкрыты.
“Мы таксама вырашылі прыпыніць працу ўсіх пабаў, рэстаранаў, кафэ, клубаў і бараў. Таму што там збіраюцца людзі”, – кажа Маравецкі. Ён дадае, што ва ўсіх гэтых месцах усё яшчэ можна аказваць паслугі дастаўкі ежы.
Мяжа закрываецца на 10 дзён
Польшча закрывае межы для замежнікаў з 15 сакавіка. Грамадзяне Польшчы будуць накіраваны на 14-дзённы каранцін пасля прыбыцця ў краіну. “Мы вырашылі ўвесці статус пагрозы эпідэміі. Мы вырашаем часова аднавіць межы, – дадае прэм’ер. – Спачатку на 10 дзён”.
З нядзелі будуць спыненыя паветраныя зносіны і цягнікі. “Мы зачыняем дзверы перад пандэміяй і такім чынам абараняем польскіх грамадзян”, – кажа Маравецкі.
Кожны паляк, які пражывае за мяжой, або, напрыклад, зараз у адпачынку і хоча вярнуцца ў Польшчу, атрымае адпаведную дапамогу.
Дзе дакладна будзе закрыта мяжа?
На польска-беларускай мяжы цалкам закрываюцца пункты пропуску: Рудаўка-Лясная (ён сезонны і ўсё адно зараз не працуе), Белавежа-Пярэраў (турыстычны пункт пропуску ў Белавежскай пушчы, не працуе ноччу), Славатычы-Дамачава, Полаўцы-Пяшчатка, Чарэмха-Высокалітоўск (чыгуначны пункт пропуску).
Абмежаваны будзе рух у пунктах пропуску: Кузніца-Брузгі, Кузніца-Гродна (чыгуначны), Баброўнікі-Бераставіцы, Кукурыкі-Казловічы, Тэрэспаль-Брэст, Семяноўка-Свіслач (пунк выключна чыгуначнага таварнага руху).
Хто зможа перайсці мяжу?
Пачынаючы з нядзелі 15 сакавіка заехаць у Польшчу змогуць толькі грамадзяне Польшчы, а таксама замежнікі, якія з’яўляюцца мужам ці жонкай альбо дзецьмі польскіх грамадзян, альбо якія знаходзяцца пад пастаяннай апекай грамадзян Польшчы. Іншаземцы з Картай паляка таксама ўедуць у Польшчу. Уезд не забаронены для кіраўнікоў дыпламатычных прадстаўніцтваў, членаў дыпламатычнага і консульскага складу місіі і членаў іх сем’яў. Таксама змогуць патрапіць у Польшчу замежнікі, якія маюць права на пастаяннае або часовае знаходжанне ў Польшчы, а таксама тыя, хто мае дазвол на працу, даведку ад працадаўцы, гэта значыць права на працу ў Польшчы.
Каго датычыцца 14-дзённы каранцін пасля ўезду ў Польшчу?
Абавязковы каранцін распаўсюджваецца на ўсіх, хто прыязджае ў Польшчу, акрамя:
– людзей з памежных раёнаў, якія жывуць у Польшчы, але працуюць кожны дзень у суседняй краіне і рэгулярна перасякаюць мяжу;
– замежнікаў, якія жывуць у суседняй краіне, але працуюць у Польшчы і рэгулярна перасякаюць мяжу;
– прафесійных вадзіцеляў грузавых і пасажырскіх перавозак, якія выконваюць свае абавязкі.
Статыстыка па Польшчы
Міністэрства аховы здароўя на канферэнцыі прэм’ер-міністра прадставіла штодзённую справаздачу пра каранавірус у Польшчы. Інфекцыю пацвердзілі ў 68 чалавек, 2 асобы памерлі. У бальніцах з падазрэннем на каранавірусную інфекцыю знаходзяцца 521 чалавек, а 3151 на каранціне. Больш за 17 000 палякаў знаходзяцца пад эпідэміялагічным наглядам.


