Вечарам 13 сакавіка, каля 21.20 па беларускім часе, пачалася прэс-канферэнцыя прэм’ер-міністра Польшчы Матэуша Маравецкага з нагоды сітуацыі з каранавірусам у краіне. Улады забараняюць уезд замежнікаў у краіну з 15 сакавіка. Але будуць выключэнні. Таксама забараняюцца сходы і абмяжоўваецца праца гандлёвых цэнтраў.

Забаранілі сходы і закрылі гандлёвыя цэнтры

«Мы забараняем сходы больш за 50 чалавек. Забарона распаўсюджваецца на дзяржаўныя і мясцовыя дзяржаўныя ўстановы, шэсці і рэлігійныя абрады», — кажа прэм’ер-міністр.

«Шаноўнае спадарства, гэта складаныя рашэнні, але яны дазволяць нам — я спадзяюся — пазбегнуць яшчэ больш складаных часоў. Багаслужэнні ў Польшчы будуць транслявацца ў інтэрнэце. Я ведаю, што такія абмежаванні змяняюць жыццё мільёнаў палякаў», — дадае ён.

З ночы з пятніцы на суботу ў Польшчы пачнецца абмежаванне дзейнасці гандлёвых цэнтраў, а таксама бараў і рэстаранаў. Няма абмежаванняў на крамы па-за гандлёвымі цэнтрамі. Усе крамы і пункты абслугоўвання, а таксама банкаўскія пункты будуць адкрыты.

«Мы таксама вырашылі прыпыніць працу ўсіх пабаў, рэстаранаў, кафэ, клубаў і бараў. Таму што там збіраюцца людзі», — кажа Маравецкі. Ён дадае, што ва ўсіх гэтых месцах усё яшчэ можна аказваць паслугі дастаўкі ежы.

Мяжа закрываецца на 10 дзён

Польшча закрывае межы для замежнікаў з 15 сакавіка. Грамадзяне Польшчы будуць накіраваны на 14-дзённы каранцін пасля прыбыцця ў краіну. «Мы вырашылі ўвесці статус пагрозы эпідэміі. Мы вырашаем часова аднавіць межы, — дадае прэм’ер. — Спачатку на 10 дзён».

З нядзелі будуць спыненыя паветраныя зносіны і цягнікі. «Мы зачыняем дзверы перад пандэміяй і такім чынам абараняем польскіх грамадзян», — кажа Маравецкі.

Кожны паляк, які пражывае за мяжой, або, напрыклад, зараз у адпачынку і хоча вярнуцца ў Польшчу, атрымае адпаведную дапамогу.

Дзе дакладна будзе закрыта мяжа?

На польска-беларускай мяжы цалкам закрываюцца пункты пропуску: Рудаўка-Лясная (ён сезонны і ўсё адно зараз не працуе), Белавежа-Пярэраў (турыстычны пункт пропуску ў Белавежскай пушчы, не працуе ноччу), Славатычы-Дамачава, Полаўцы-Пяшчатка, Чарэмха-Высокалітоўск (чыгуначны пункт пропуску).

Абмежаваны будзе рух у пунктах пропуску: Кузніца-Брузгі, Кузніца-Гродна (чыгуначны), Баброўнікі-Бераставіцы, Кукурыкі-Казловічы, Тэрэспаль-Брэст, Семяноўка-Свіслач (пунк выключна чыгуначнага таварнага руху).

Хто зможа перайсці мяжу?

Пачынаючы з нядзелі 15 сакавіка заехаць у Польшчу змогуць толькі грамадзяне Польшчы, а таксама замежнікі, якія з’яўляюцца мужам ці жонкай альбо дзецьмі польскіх грамадзян, альбо якія знаходзяцца пад пастаяннай апекай грамадзян Польшчы. Іншаземцы з Картай паляка таксама ўедуць у Польшчу. Уезд не забаронены для кіраўнікоў дыпламатычных прадстаўніцтваў, членаў дыпламатычнага і консульскага складу місіі і членаў іх сем’яў. Таксама змогуць патрапіць у Польшчу замежнікі, якія маюць права на пастаяннае або часовае знаходжанне ў Польшчы, а таксама тыя, хто мае дазвол на працу, даведку ад працадаўцы, гэта значыць права на працу ў Польшчы.

Каго датычыцца 14-дзённы каранцін пасля ўезду ў Польшчу?

Абавязковы каранцін распаўсюджваецца на ўсіх, хто прыязджае ў Польшчу, акрамя:

— людзей з памежных раёнаў, якія жывуць у Польшчы, але працуюць кожны дзень у суседняй краіне і рэгулярна перасякаюць мяжу;
— замежнікаў, якія жывуць у суседняй краіне, але працуюць у Польшчы і рэгулярна перасякаюць мяжу;
— прафесійных вадзіцеляў грузавых і пасажырскіх перавозак, якія выконваюць свае абавязкі.

Статыстыка па Польшчы

Міністэрства аховы здароўя на канферэнцыі прэм’ер-міністра прадставіла штодзённую справаздачу пра каранавірус у Польшчы. Інфекцыю пацвердзілі ў 68 чалавек, 2 асобы памерлі. У бальніцах з падазрэннем на каранавірусную інфекцыю знаходзяцца 521 чалавек, а 3151 на каранціне. Больш за 17 000 палякаў знаходзяцца пад эпідэміялагічным наглядам.


Как выглядит белорусско-польская граница после введения карантина в Польше

Маршрутки в Польшу и обратно не ездят, поезд Краков-Гродно отменен

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]