Гісторыі існуюць з тых часоў, як мы навучыліся размаўляць. Гісторыі прымушаюць нас плакаць, смяяцца або суперажываць. У пошуках добрай гісторыі мы чытаем блогі і медыя, дзякуючы ёй выбіраем «свае» брэнды. А што, калі вам не трэба слухаць гісторыю — вам трэба яе расказаць? Як прыцягнуць увагу да хвалюючай вас праблемы і дапамагчы яе вырашыць? Знайсці аднадумцаў і партнёраў?
Ініцыятыва HrodnaMediaRoom запрашае гарадзенцаў у Школу сацыяльнага сторытэлінга MediaPro.
На працягу года мы будзем авалодваць мастацтвам сторытэлінга і яго інструментамі разам з прызнанымі медыяпрафесіяналамі.
Вы даведаецеся:
- Як і дзе шукаць герояў і тэмы, якія чапляюць;
- Як эфектна данесці сваю думку, каб вас пачулі.
Вы навучыцеся:
- распавядаць гісторыі з дапамогай фота, відэа і аўдыё;
- авалодаеце інструментамі візуалізацыі дадзеных,
- а таксама прасоўвання і SMM.
А таксама пазнаёміцеся з цікавымі асобамі, якія змяняюць жыццё ў нашым горадзе да лепшага, і знойдзеце аднадумцаў.
Першы трэнінг «Сторытэлінг: ад прапрацоўкі ідэі да прадакшну» адбудзецца ўжо 4−5 красавіка.
Рэдактарка спецпраектаў анлайн-часопіса CityDog.by Яся Каралевіч-Картэль распавядзе гарадзенцам, дзе і як шукаць гісторыі і герояў, якія будуць цікавыя шырокай аўдыторыі, што такое мультымедыйны сторытэлінг і навошта ён патрэбны, чаму менавіта ён дапаможа распавесці аб вашай тэме лепш за ўсё? Прыносіце з сабой некалькі тэм — і да канца другога дня ў вас будзе чарнавік свайго мультымедыйнага лангрыда!
Для ўдзелу неабходна запоўніць анкету тут да 31 сакавіка ўключна: http://bit.do/fzgiT. Колькасць месцаў абмежаваная (да 12 чалавек).
Каго чакаем?
Да ўдзелу ў Школе MediaPro запрашаюцца журналісты, блогеры, грамадскія актывісты і ўсе, хто цікавіцца сацыяльнай тэмай і праблемамі нашага горада.
Удзел — бясплатны.
Тэматычныя трэнінгі будуць адбывацца па выходных раз на месяц цягам 2020 года. Медыяэсперты Школы MediaPro будуць кансультаваць удзельнікаў на працягу навучання. Кожны ўдзельнік Школы паспрабуе сябе ў ролі апавядальніка, будзе мець магчымасць расказаць сваю гісторыю для шырокай аўдыторыі і падштурхнуць людзей задумацца над важнымі рэчамі, «пракачаць» кампетэнцыі, якія будуць карыснымі ў паўсядзённым жыцці, а таксама знайсці аднадумцаў і павучыцца ў сапраўдных прафесіяналаў.
Лепшыя матэрыялы, падрыхтаваныя ўдзельнікамі, будуць апублікаваныя. Самыя актыўныя ўдзельнікі, якія выканаюць заданні і падрыхтуюць добрыя гісторыі, паўдзельнічаюць у 4 трэнінгах з 6, атрымаюць сертыфікаты аб сканчэнні школы, а таксама атрымаюць магчымасць паўдзельнічаць у міжнароднай канферэнцыі, якія штогод ладзіць прафесійная сетка Digital Communication Network ў розных краінах свету.
З-за распаўсюджвання ў свеце новага віруса і першых выпадкаў у Гродне, для дадатковай бяспекі мы забяспечым наяўнасць у аўдыторыі дэзінфекцыйных сродкаў і медыцынскіх масак (якімі можна будзе скарыстацца пры жаданні).
Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па пошце [email protected] ці на старонцы ў Фэйсбуку.
Школа MediaPro — праект, які рэалізуецца ў партнёрстве HrodnaMediaRoom (Гродна), Association «New Group» (Мінск) і глабальнай прафесійнай сеткі Digital Communication Network. Больш — на старонцы-візітоўцы Школы: http://hrodnamediapro.tilda.ws/.
Што такое «сторытэлінг» і навошта ён патрэбны?
Сторытэлінг — мастацтва эфектыўна распавесці любую гісторыю. Авалодаць гэтым мастацтвам або яго асобнымі прыёмамі карысна для ўсіх жыццёвых аспектаў - працоўных і асабістых. Прыёмы сторытэлінга паспяхова прымяняюцца ў журналістыцы, грамадскай і культурнай дзейнасці, навучанні, мастацтве самапрэзентацыі, бізнесе і піяры, у бацькоўскіх зносінах з дзецьмі.