У канцы 2019 года было завершана вялікае даследаванне развіцця веларуху ў гарадах Беларусі. Па выніках апытанняў выявілася, што Гродна — адзіны з абследаваных гарадоў, у якім колькасць ровараў перавышае колькасць аўтамабіляў (144 тысячы).
У Гродне налічылі прыкладна 132 тысячы дарослых ровараў (± 30 тысяч ровараў) і прыкладна 38 тысяч дзіцячых або падлеткавых. Такім чынам, асабісты ровар ёсць прыкладна ў 33% гродзенцаў (гэта менш, чым у Мінску і Брэсце).
Паводле апытання, 41% гродзенцаў ездзяць на ровары раз на месяц і часцей. У халодную пару года раз на тыдзень і часцей ездзяць каля 3% гродзенцаў.
Сярэдняя дыстанцыя ад дома да працы і назад у Гродна складае каля 15 км (гэта прыкладна на 3 км менш, чым у жыхароў іншых даследаваных буйных гарадоў - Мінска, Гомеля і Брэста). Пры гэтым у сярэднім тыповы гродзенскі веласіпедыст праязджае прыкладна 13,5 км.
Карыстацца роварам для паездак на працу або вучобу гродзенцам перашкаджае адсутнасць душа на працы, меркаванне, што ёсць больш камфортны спосаб дабрацца, складаныя бардзюры і недахоп веласцежак. Тыя, хто ездзіць на веласіпедзе пастаянна, больш за ўсё скардзяцца на адсутнасць выдзеленых веласцежак (44%) і паніжаных бардзюраў (49%). Гэта сур’ёзныя ўплывае на бяспеку паездак.
У апытанні гродзенцы часцей, чым жыхары іншых гарадоў адзначалі, што веларух у горадзе не развіваецца. У Гродне, як аказалася, самы маленькі рынак ровараў і велаабслугоўвання сярод даследаваных гарадоў. Больш за палову гараджан перакананыя, што развіццё веларуху прывяло б да паляпшэння транспартнай сітуацыі і развіццю турызму. 82% гродзенцаў падтрымліваюць з’яўленне масавага гарадскога велапракату, а 18% гатовыя карыстацца такім пракатам рэгулярна.
Чытайце таксама: Велагараж, веламаячкі і велапаркоўка з’явіліся ў Гродне пры падтрымцы Еўрасаюза
Даследаванне праводзіў даследчы цэнтр SATIO на замову ўстановы «Цэнтр экалагічных рашэннняў» і грамадскага аб’яднання «Мінскае веласіпеднае таварыства» ў рамках праекта «Гарадскі веларух у Беларусі» пры фінансаванні Еўрапейскага саюза.