На ўязную вежу Старога замка ў Гродне 4 сакавіка паднялі купал.
Стварэнне купала ўязной вежы Старога замка — адна тых тэм у рамках рэканструкцыі замка, якія больш за ўсё абмяркоўваліся ў 2019 годзе. Купал распрацоўвалі беларускія спецыялісты з улікам меркавання польскіх калег.
Спачатку меркавалася, што купал будзе круглым, бо такая форма бачная на гравюры Макоўскага 1600 г. Аднак гісторыкі раскрытыкавалі гэтае рашэнне — такія купалы ў нашым рэгіёне ніколі не выкарыстоўваліся. Таму купалу было вырашана надаць форму цыбуліны. У будучыні на купале з’явіцца шпіль.
Дыяметр новага купала — каля 6 м, вышыня — 8 м. Сталёвы каркас з драўляным лачаннем абшыты спецыяльнай дахавай меддзю, пакрытай тонкім пластом волава. Будаўнікі абяцалі, што з часам дах пацямнее і будзе выглядаць так, як у даўніну.Навошта там наогул купал?
Купал бачны на гравюры Томаша Макоўскага 1600 г. Але выява яго, як і ўсяго замка, вельмі схематычная. Да нашага часу арыгінальны купал не захаваўся. Магчыма, ён быў знішчаны падчас вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай 1654−1667 гадоў, калі Гродна было моцна зруйнавана.
Цяперашнюю форму стварылі ў выніку абʼяднання варыянту навуковага кіраўніка Старога замка Уладзіміра Бачкова і польскага навукоўца з Вроцлава Зыгмунта Луневіча, які займаецца купаламі.