У Гродне ўжо два тыдні працуе пончыкавая “Сытый Мишка”. Гэта невялікі павільён каля паліклінікі №5 на Шчорса. Са свежай выпечкай можна выпіць кубак гарбаты або кавы. У планах – пашырэнне і арганізацыя дастаўкі.
– Рабяты працуюць толькі два тыдні, таму яшчэ не паспелі ажыццявіць усё задуманае, але ўжо нарабілі сотні смачных пончыкаў з рознымі начынкамі. Пончыкі кругленькія і пульхныя, што добра – без шкодных “Е” і кансервантаў. Мы раскалупалі пончык – ён рэальна складаецца з мноства дзірачак. Цікава. Начыння не мала і не шмат, мне ў самы раз, – піша наша чытачка Кацярына Забеліна.
У пончыкавай не выкарыстоўваюць паўфабрыкаты або замарозку. Самі робяць цеста і пякуць. Каб дамагчыся лёгкай паветранай кансінтэнцыі тэсту, паспрабавалі некалькі дзясяткаў рэцэптаў. Магчыма, у хуткім часе можна будзе пакаштаваць пончыкі з незвычайнымі смакамі: салёная карамель, з журавінамі, чука-салата.

Донат каштуе 1.30, берлінер – 1.60. Тры пампушкі можна купіць за 1.20. Кава каштуе 3 рубля, латэ – 3.50, гарбата – 2. “Калі ўвечары пончыкі засталіся, іх выкідваюць. Хоць было б прыкольна іх раздаваць бясплатна”, – піша Кацярына.
Павільён маленькі, але функцыянальны. Са з’яўленнем пончыкавай прыпынак таксама добраўпарадкавалі. У планах ва ўладальнікаў адкрыць фудтрак ў цэнтры горада і некалькі новых кропак, а таксама арганізаваць дастаўку па горадзе.
– Думаю, што хутка “Сытый Мишка” стане імем намінальным ў Гродне, а, можа быць, і з’явіцца той самы пончык з унікальным смакам, дзеля якога да нас пацягнуцца ў гастратуры турысты! Як шакоціс ў Літве ці пернік у Торуні і Туле! – піша Кацярына.





