Больш за 100 гродзенцаў сабраліся 21 лютага ў Цэнтры гарадскога жыцця, каб адзначыць Дзень роднай мовы. Яны напісалі традыцыйную беларускую дыктоўку, паслухалі акустычны выступ Алеся Дзянісава і атрымалі прыемныя сувеніры.
Для дыктоўкі выбралі фрагмент аповесці «Данута» Аляксея Карпюка — акурат да 100-годдзя аўтара, якое будзе адзначацца сёлета. Чытачы адзначылі, што гэта даволі складаны тэкст — як для напісання, так і для ўспрымання. Прачытаў урывак музыкант Алесь Дзянісаў.
Важнай на свяце была музычная частка. Напачатку зайгралі гродзенскія літаратары, якія аб’ядналіся ў гурт NZ. Скончыўся вечар выступам Алеся Дзянісава, які сыграў уласныя песні, творы на вершы Алеся Чобата і Уладзіміра Караткевіча, якому сёлета споўнілася б 90 гадоў.
Дыктоўку арганізавалі мясцовыя філіі ТБМ, Саюзу беларускіх пісьменнікаў і Цэнтр гарадскога жыцця. Гэта 13-я па ліку дыктоўка, што ладзіцца недзяржаўнымі арганізацыямі ў Гродне.