Напрыканцы лютага у гродзенскага музыкі Алеся Дзянісава прарвала «Творчэскій нарыў». Паліліся з нарыва песні і дыялогі з сучаснага жыцця «рыбят», «мужыкоў», «цёцяў Зінаў» ды «дзядзяў Коляў». У выніку атрымаўся музычна-размоўны серыял аднаго двара. Галоўныя героі і расказчыкі, Быхдер і Міксалыч, таксама не «з Луны звалілісь». Яны жувуць побач са сваімі «радзіёзрыцелямі і целеслушацелямі» і гатовы шчыра расказваць пра сваё жыццё. Творчае крэда дуэта — «Толька трасянка!!! Толька шансон!!!».

Разам з Алесем Дзянісавым і Дзмітрыем «Вундерам» над «Нарывам» працавалі таксама Наста і Макс Назарукі. Музыкі не хаваюць, што галоўнымі натхняльнікамі іх творчасці сталі калдыры «Саша і Сірожа»: «Эта нашы атцы, мы на ніх раўняемся».

youtu.be/PXSP9R9FGuE

Ідэя ўласнага праекта, таксама як і творчыя псеўданімы Быхдер і Міксалыч, паўсталі ў 2013 годзе, падчас велапаходу да возера Попкі на Міёршчыне. Ішоў дождж, рабіць не было чаго, у выніку — пачалі выдумляць і спяваць абы-што. З таго часу песень і размоваў «за жысьць» ды «гісторый, што прыключалісь окала нас», набралася на цэлы альбом. Нешта адпавядае рэчаіснасці, іншае — прыдумалі, прызнаюцца аўтары. Агулам у альбом увайшлі 10 «разгавораў» і 9 музычных стужак.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]