Рэдакцыя Hrodna.life запусціла на petitions.by зварот у Гродзенскі гарвыканкам з просьбай зрабіць табліцы раскладу руху на прыпынках зручнымі. Мы лічым, што тыя, якія ёсць зараз, нязручныя для гродзенцаў і, асабліва, для гасцей горада. А яшчэ, нават такія недасканалыя табліцы пачалі знікаць з некаторых прыпынкаў.
На некаторых прыпынках, дзе размясцілі электронныя табло з інфармацыяй пра бліжэйшы чаканы транспарт, знялі старыя металічныя табліцы з раскладам. Такім чынам, даведацца пра расклад на будучыню стала немагчыма.
У прадпрыемстве «Аператар пасажырскіх перавозак» патлумачылі, што расклады вернуць — яны будуць прыгожыя, каваныя. Але форма падачы не зменіцца. Мы лічым, што калі абнаўляць расклад, дык адразу рабіць яго больш зразумелым для ўсіх.Мы прапануем перапрацаваць расклад і падаваць яго ў такой форме, як гэта робіцца ў Мінску, або ў многіх гарадах Польшчы. Так і праўда зручней!
Пазнаёміцца з поўным тэкстам звароту і падпісаць яго можна тут
Падпішыце петыцыю і падзяліцеся ёю! Мы апублікуем афіцыйны адказ, як толькі яго атрымаем.