Напярэдадні Дня Святога Валянціна, rgazeta.by даведалася ў гродзенак, на якія хітрыкі пайшлі іх палоўкі, каб зрабіць ім прапанову.
Аляксей і Алёна:
— Мы сустракаліся ўжо 3 гады, вядома, казалі пра будучыню. Абмяркоўвалі вяселле, сям’ю, але нічога канкрэтнага, проста планы. Лёша тады працаваў у Лядовым палацы і паклікаў мяне на выхадных на каток. Я яшчэ падумала, што было б вельмі рамантычна, калі б ён зрабіў мне прапанову там. Можа, адчувала нешта. Прыехалі туды, а там і цётка мая з сям’ёй. З намі былі Лёшаў сябар і яго сястра з дзецьмі. Мы катаемся, я нічога не падазраю. І тут прыглушаецца ў зале святло, людзі пачынаюць збірацца разам, майго каханага нідзе няма. Побач са мной толькі яго сябар: ледзь на каньках стаіць, падае, але трымае мяне, не дае нікуды сысці. А ў мяне ўжо пачынаецца паніка, самыя страшныя думкі з’яўляюцца: «Раптам Лёша ўпаў, нешта сабе разбіў, зламаў». Але тут на вялікім табло ўзнікае мая фатаграфія, пачынае граць музыка, я адразу ўсё зразумела. На лёд выкатваецца мой Лёша з букетам, едзе да мяне і чытае рамантычны верш. Стаў на адно калена, задаў доўгачаканае пытанне — я, вядома, сказала «так»!
Кірыл і Валерыя:
— Мы пайшлі ў кіно. Як толькі селі на свае месцы, Кірыл сказаў, што выйдзе па папкорн. Ужо і рэклама пачалася перад фільмам, а яго ўсё не было. Тут на экране паказваюць нейкае дзіўнае відэа. Я адразу нават не зразумела, што яно адрасавана мне. На відэа былі мае фота і словы для мяне. Вось гучыць фраза «Ты будзеш маёй жонкай?». На мяне падае прамень пражэктара, усе апладзіруюць, а я наогул не разумею, што адбываецца. Абарочваюся, а праз запасны выхад уваходзіць Кірыл з букетам кветак і пярсцёнкам.
Яўген і Святлана:
— У лесапарку Пышкі у нас было першае спатканне. Жэня прапанаваў пакатацца на роліках. Дамовіліся на пэўны час, але я ў гэты дзень крыху праспала прызначаны час. Жэня ўляцеў у пакой і пачаў мяне прыспешваць. Катаемся мы, і раптам ён кудысьці з’ехаў. А я сама на роліках ледзь стаю. Але Жэня вярнуўся, у руках у яго быў букет белых руж. Прыемны сюрпрыз. Ён у мяне рамантык. Потым Жэня стаў на адно калена і нешта пачаў мне гаварыць. Тут да мяне дайшло, што адбываецца. Дыханне перахапіла, ад радасці нічога не магла сказаць. Следам за Жэняй прыбеглі яго сябры з фотаапаратам і шэпчуць: «Скажы «так», скажы «так». Я і сказала. Потым аказалася, што ён патэлефанаваў загадзя маёй маме, спытаў у яе, ці не супраць яна такога зяця. А мама захавала сюрпрыз ў таямніцы.
Аляксандр і Наталля:
— Адразу дзве падзеі звязаныя ў мяне з прапановай. Я толькі дзень назад адсвяткавала свой Дзень нараджэння, і ў мяне было адкрыццё маёй Школы макіяжу. Саша, вядома, на яго прыйшоў. Я нават западозрыла нешта, таму што ён вельмі нерваваўся, пастаянна выходзіў кудысьці. Саша павіншаваў мяне з мінулым святам, сказаў, што будзе падтрымліваць ўсё жыццё. Папрасіў задаць адно пытанне і стаў на калена. Мая першая фраза: «Ты дурань?». І смяюся, і слёзы з вачэй. А потым ужо пярсцёнак на палец і запаветнае «так».
Сяргей і Валянціна:
— Быў 2006 год. Новы год сустракалі дома ў мамы. Пакуль мы мітусіліся на кухні, Сярожка стаіўся ў зале, дзе ялінка стаіць. Заношу я талеркі на стол — і бачу: агеньчыкі патухлі. Цягнуся да разеткі ўключыць і заўважаю, што на ёлцы арэх грэцкі вісіць. Здымаю яго, а ўнутры нешта грукоча. Прыгледзелася, падчапіла, а там пярсцёначак. І Сярожка з кветкамі падаспеў. Я, вядома, не чакала, што ён у мяне такі рамантык.