Эканоміка большасці абласцей не дасягнула нават паловы чаканага урадам у 2019 годзе росту, а Гродзенская вобласць адзіная, дзе прырост валавога рэгіянальнага прадукту быў адмоўным. Больш падрабязна пра тое, чаму рэгіёны развіваліся слаба і ці будзе 2020 й больш аптымістычным, t*t.by расказаў дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.
Эканоміка кульгае ў палове рэгіёнаў. У 2019 годзе адносна добры эканамічны рост паказалі Брэсцкая і Мінская вобласці, Віцебская і Гомельская засталіся стаяць на месцы, а Гродзенская наогул сышла ў мінус.
Складаны год
У пастанове Саўміна «Аб рэалізацыі задач сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2019 г.» прагнозы эканамічнага развіцця былі даволі аптымістычнымі для ўсіх абласцей. Аднак па факце толькі Мінская змагла выйсці за пазначаную мяжу. Прырост валавога рэгіянальнага прадукту там склаў 4,4% дзякуючы прадпрыемству «БелДжы», будаўніцтву калійнага камбіната ў Любанскім раёне і стварэнні Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі (БНБК).
Гродзенская вобласць — адзіная, дзе ВРП сышоў у мінус (мінус 0,4%). Што цалкам чакана, бо будаўніцтва БелАЭС, інвестыцыі ў якую вось ужо некалькі гадоў давалі свой эфект, завяршаецца. Разам з ім значна скарачаюцца аб’ёмы фінансавання, высыхае струмень інвестыцый, завяршаецца будаўніцтва неабходнай інфраструктуры.
— Гэта эфект высокай базы. Сумна, што не знайшлося галін, якія б пераважылі гэты фактар, — кажа Аляксандр Чубрык.
Брэсцкая вобласць паказала нядрэнны у параўнанні з іншымі рэгіёнамі прырост — 2,8%. На росце адбіліся інвестпраекты і харчовая прамысловасць. Эканоміка Магілёўскай вобласці прырасла на 0,5%. Гэты рост быў натуральным, яго не падштурхвалі дзяржаўныя інвестыцыйныя праграмы, адзначае дырэктар ІПМ.
Віцебская і Гомельская вобласці засталіся стаяць на месцы. Важкую ролю ў мясцовай эканоміцы абодвух рэгіёнаў граюць нафтаперапрацоўчыя заводы, якія ў мінулым годзе трапілі ў складаную сітуацыю з-за «бруднай» нафты.
Што будзе ў 2020 годзе
На 2020 год урад у якасці ключавых паказнікаў пазначыў прырост ВРП абласцей да 3,7%. Прычым самы нізкі (+ 1% ВРП) прызначыў Мінскай вобласці, а самы высокі - Мінску, Гомельскай і Гродзенскай абласцям.
Мінулы год быў складаным, і гэты наўрад ці будзе лягчэй. Дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ лічыць, што ён не прынясе эканоміцы палягчэння, хутчэй, наадварот, прымусіць паламаць галаву над падтрыманнем ранейшых аб’ёмаў вытворчасці і гандлю.
Гродзенскую вобласць чакае вельмі падобны з 2019-м год з той жа прычыны: фінальная стадыя ўводу ў эксплуатацыю БелАЭС азначае, што аб’ём звязаных з ёй інвестыцый сыходзіць на нішто. Наўрад ці астатнія галіны змогуць ўнесці настолькі істотны ўклад, каб перакрыць зніжэнне тэмпаў росту. Як мінімум у 2019 асаблівых поспехаў яны не паказалі.
Тэарэтычна магчымасцяў падтрымаць жыццё ў рэгіёнах і зрабіць іх больш прывабнымі для людзей, якія там жывуць, не так ужо і мала, лічыць эканаміст. Аднак з якога боку ні падыдзі, адна праблема будзе чапляць і выцягваць на паверхню іншую. Каб даць імпульс рэгіянальным развіцці, прыйшлося б памяняць занадта многае.