10 лютага 1940 года адбылася першая хваля масавых дэпартацый з Заходняй Беларусі, здзейсненых савецкімі ўладамі пасля далучэння гэтага рэгіёна да СССР. Усяго да чэрвеня 1941 года ў выніку чатырох хваляў дэпартацыі былі вывезеныя 340 тысяч чалавек, разам з дэпартаванымі з Заходняй Украіны.
Рэпрэсіям падлягалі людзі перадусім паводле свайго сацыяльнага стану: заможныя сяляне і прадпрымальнікі, інтэлігенцыя, духавенства, супрацоўнікі польскіх органаў улады, польскія асаднікі і іншыя, піша афіцыйны сайт Рады БНР.
Маёмасць дэпартаваных канфіскоўвалася. Людзям даваліся лічаныя гадзіны на зборы і дазвалялася браць з сабою толькі мінімум асабістых рэчаў. Перавозка сасланых адбывалася пад канвоем у вагонах для быдла, сотні людзей загінулі ў час перавозкі ў бесчалавечых умовах.
Дэпартацыі з Заходняй Беларусі адбываліся ў чатыры этапы:
Першая дэпартацыя — 10 лютага 1940 г., калі 33.749 польскіх асаднікаў і 17.561 службоўцаў лясной варты былі вывезеныя ў Сібір і Казахстан.
Другая дэпартацыя — 13 красавіка 1940 г., калі былі вывезеныя 26.777 чалавек, галоўным чынам — паліцыянты, ураднікі, настаўнікі, святары, удзельнікі антысавецкага руху і сябры некамуністычных партый.
Трэцяя дэпартацыя — 29 чэрвеня 1940 г., распаўсюджвалася на ўцекачоў з цэнтральных ваяводстваў Польшчы (22.879 чалавек). Пераважную большасць сярод іх складалі этнічныя яўрэі, якія беглі ў Заходнюю Беларусь ад нацысцкіх войскаў, якія згодна з савецка-нямецкай дамовай занялі тэрыторую Польшчы да Бугу.
Чацвёртая дэпартацыя — чэрвень 1941 г., за лічаныя дні да пачатку савецка-нямецкай вайны. У гэтую хвалю з Беларусі было вывезена 22.353 чалавекі. Дакладныя колькасці вывезеных буддзе вядомая толькі пасля адкрыцця архіваў КДБ.
Такім чынам, агулам за 1940−1941 гады толькі з заходняй часткі Беларусі ў аддаленыя, часта мала прыдатныя для жыцця, раёны СССР, было дэпартавана не менш за 120 тысяч чалавек. Прыкладна столькі ж складае агульная колькасьць дэпартаваных, расстраляных і прызваных у войска па ўсіх краінах Балтыі за той жа самы час.
Помнік ахвярам палітрэпрэсій так і не з’явіўся ў Гродне
У канцы 1990 года Гродзенскі гарвыканкам прыняў рашэнне аб усталяванні ў горадзе помніка ахвярам палітычных рэпрэсій. Паўторнае рашэнне аб усталяванні такога помніка было прынята праз два гады.
«Але яго не ўдалося выканаць, як і прынятыя рашэнні гарвыканкама аб усталяванні ў Гродне помнікаў Каліноўскаму і Багдановічу. Спачатку аказваў моцны супраціў аблвыканкам, а потым палітыка дзяржавы змянілася», — распавёў тагачасны намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама Аляксандр Мілінкевіч.
У Гродзенскім архіве знайшліся дакументы датычныя ўсталявання помніка: