Некалькі месяцаў вучань 11 класа Гродзенскай гарадской гімназіі Вадзім Калупайла ездзіў па маршруце 35 аўтобуса і фатаграфаваў пасажыраў. У яго назапасілася шмат здымкаў і хлопцу прапанавалі выставіцца ў галерэі фотаклуба «Гродна». Адкрыццё выставы прайшло 6 лютага.
Маршрут гродзенца праходзіў ад Савецкай плошчы да Юбілейнага возера.
«У пачатку лета я паставіў сабе мэту — зрабіць пейзажныя здымкі на Юбілейным возеры. І кожны дзень ездзіў на 35 маршруце, — распавядае Вадзім Калупайла. — На канчатковы прыпынак ехаць каля 40 хвілін. Каб за гэты час чымсьці заняцца, я пачаў рабіць першыя кадры.
Ніхто з людзей не ведаў, што я іх фатаграфаваў. Падчас паездкі ўсе займаліся сваімі справамі. Нехта думаў і глядзеў у акно, хтосьці чытаў кнігу ці сядзеў у тэлефоне. Так я і ўцягнуўся ў гэтую справу, і, сам таго не ўсведамляючы, пачаў збіраць здымкі пасажыраў.
Героі майго праекта — гродзенцы, якія ездзяць у асноўным з горада на лецішча і назад".
Калі Вадзім прыязджаў на канчатковы прыпынак — Юбілейнае возера, то здымаў прыроду. Бывала, і рыбакі траплялі ў яго аб’ектыў. Усе свае фатаграфіі хлопец рабіў на фотаапарат Nikon D3200.
«Я нідзе не выкладваю свае фатаграфіі. Але на выставу адабраў 20 найлепшых работ. А было зроблена больш за 100 кадраў», — адзначыў Вадзім.
Кіраўнік фотаклуба «Гродна» Аляксандр Ласмінскі адзначыў, што Вадзім таленавіты хлопец і многія вопытныя фатографы былі здзіўлены, што школьнік так здымае. Пасля школы Вадзім рыхтуецца паступаць на кінатэлеаператарскую справу на факультэт экранных мастацтваў Акадэміі мастацтваў.