Штогадовы памер хабараў фігурантам «цукровай справы» лічыўся сотнямі тысяч долараў ЗША. Такую інфармацыю агучылі ў эфіры БТ-1, піша n*.by.
Сцвярджаецца, што шырмай для карупцыйнай схемы стала Беларуская цукровая кампанія.
Дырэктары чатырох беларускіх цукровых заводаў нібыта ўступілі ў злачынную змову з кіраўніком Беларускай цукровай кампаніі Кірылавым, а таксама прадстаўніком расійскіх камерцыйных структур Кананенкам. Сцвярджаецца, што хабары плацілі за арганізацыю адгрузкі беларускага цукру ад Беларускай цукровай кампаніі ў адрас пэўных папярэдне ўзгодненых камерцыйных структур. Штогод сумы хабараў лічыліся сотнямі тысяч долараў ЗША.
Крымінальная схема працавала наступным чынам: чатыры заводы адгружалі ўвесь экспартны аб’ём Беларускай цукровай кампаніі. Далей значная частка сыходзіла падкантрольным пасярэднікам.
У сюжэце сцвярджаюць, што за гэта Кананенка пры дапамозе Кірылава перадаваў дырэктарам заводаў незаконнае грашовае ўзнагароджанне ў памеры ад $ 1 да $ 2,5 за кожную тону адгружанай прадукцыі.
Паводле аператыўных даных, незаконны даход лічыўся мільёнамі долараў.
Чытайце таксама: Лукашэнка пра «цукровую справу»: Я сам сказаў вярнуць самалёт і дастаць іх адтуль
Паводле следства, у Расеі была створана фірма-пракладка для пастаўкі сыравіны «Палімір», а ў Беларусі — завод-манапаліст па вытворчасці мяшкоў для цукру «Еўратарэкс». Мясцовы завод вельмі хутка пачаў працаваць у нуль, увесь прыбытак заставаўся на рахунках расійскага пасярэдніка, гатоўка знімалася і размяркоўвалася паміж змоўчшыкамі. Фактычным арганізатарам схемы выступіў дырэктар Гарадзейскага цукровага камбіната Міхаіл Крыштаповіч. У падзеле прыбытку ўдзельнічалі таксама дырэктар Беларускай цукровай кампаніі Дзмітрый Кірылаў і расійскі прадпрымальнік Кананенка, які і ажыццяўляў фактычны кантроль над «Палімірам». Дырэктары астатніх трох заводаў таксама былі ўцягнутыя ў супрацьпраўную дзейнасць, сцвярджаецца ў сюжэце.
Паводле тэлеканала, летась сумарны «мінус» чатырох цукровых заводаў у Жабінцы, Скідзелі, Гарадзеі і Слуцку дасягаў 200 млн рублёў.
Галоўны змагар са злодзеямі ў законе Ціхіня- таксама ўцягнуты ў «цукровую справу»
Як адзначаецца ў тэлесюжэце, да карупцыйнай схемы ў цукровай галіне меў дачыненне былы намеснік начальніка ГУБАЗіК МУС Уладзімір Ціхіня: легендарны змагар з бандытызмам у 1990-х і 2000-х нібыта згадзіўся за ўзнагароджанне страхаваць цукровую мафію і яе схему. У эфіры была паказана аператыўная здымка.
Начальнік аддзела следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак растлумачыў, што Уладзімір Ціхіня паведамляў удзельнікам злачыннай групы звесткі аб аператыўна-вышуковых мерапрыемствах, даваў парады па канспірацыі, зачыстцы слядоў супрацьпраўнай дзейнасці.
Паводле звестак тэлеканала, менавіта Уладзіміра Ціхіню, як самага дасведчанага, затрымалі першым з усіх удзельнікаў «цукровай мафіі».
«Камітэтам дзяржаўнай бяспекі распачатыя крымінальныя справы па ч.3 арт.430 (атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры) у дачыненні да службовых асоб і па ч.2 арт.431 (даванне хабару ў буйным памеры) КК — у дачыненні да камерсантаў, якія давалі хабару. Цяпер расследаванне па крымінальнай справе працягваецца. Пад грузам неабвержных доказаў фігуранты даюць прызнальныя паказанні і супрацоўнічаюць са следствам», — праінфармаваў Канстанцін Бычак. Пакаранне — да 15 гадоў пазбаўлення волі.