102-гадовыя ўгодкі БНР у Гродне плануюць адсвяткаваць у суботу, 21 сакавіка, на тэрыторыі Каложскага парка. Свята пройдзе ў фармаце фестываля з музычнымі выступамі, палітычнымі прамовамі і актыўнасцямі для людзей розных узростаў. Пра гэта расказалі ініцыятары святкавання Дня Волі ў Гродне.
— У гэтым годзе на Дзень Волі ў Гародні мы плануем асноўным пасылам зрабіць выдачу пашпартоў БНР. Мы плануем шэраг розных актыўнасцяў. Увогуле, мы бачым святкаванне Дня Волі як такі гарадзенскі фэст, дзе будуць самыя розныя пляцоўкі, актыўнасці, інтэрактыўныя гульні, забавы, фудзона, фотазона, дзіцячыя пляцоўкі.
Будзе, безумоўна, сцэна, якая будзе працаваць фонам. Будзе адкрыты мікрафон, выступы палітыкаў і грамадскіх дзеячаў. Гэта будзе месца, дзе кожны беларус зможа годна адсвяткаваць Дзень Волі, сустрэць сяброў. Упэўнены, надвор’е будзе выдатным, — кажа Вадзім Саранчукоў, адзін з ініцыятараў правядзення свята.
Андрэй Несцяровіч кажа, што ў планах сёлета адцягнуць людзей ад цэнтральнай сцэны і зрабіць усю пляцоўку фестываля максімальна актыўнай і насычанай інтэракцыямі. Якія гурты будуць на свяце, пакуль невядома.
У аўторак, 11 лютага, у 18.30 у «Цэнтры гарадскога жыцця» плануецца правесці сход з зацікаўленымі гродзенцамі, дзе прагавораць актыўнасці, якія будуць на свяце.
На наступным тыдні пачнуць весці збор сродкаў праз прыватныя ахвяраванні, Facebook і платформу molamola.by. Па падліках актывістаў, арганізацыя свята абыйдзецца ў 15 000 беларускіх рублёў. Найбольш сродкаў пацягне арганізацыя аховы правапарадку і медычнага абслугоўвання.
У канцы лютага актывісты плануюць падаць заяву на правядзенне свята ў гарвыканкам. На правядзенне мерапрыемстваў у Каложскім парку не патрэбен дазвол ад уладаў, тут дзейнічае паведамляльны прынцып.