Судовы эксперт ўпраўлення дзяржкамітэта судовых экспертыз па Гродзенскай вобласці, былы аспірант Акадэміі навук, памёр у 24 гады. Анарэксія ў хлопца пачалася пасля трэцяга курса ўніверсітэта.
У гродзенца былі праблемы са здароўем, піша n*.by, і дактары рэкамендавалі хлопцу скінуць вагу. Але нешта пайшло не так.
«Мы яго ледзь пазналі, за год ён ссох у два разы», — успамінае адзін з аднакурснікаў юнака.
Хлопец усё ж здолеў атрымаць вышэйшую адукацыю, працаваў судовым экспертам і паступіў у аспірантуру. Але арганізм урэшце не вытрымаў.Дзяніс А. быў з Гродна. З дзяцінства цікавіўся літаратурай, удзельнічаў у алімпіядах па расейскай мове. Паступіў у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, на філалагічны факультэт. Там жа скончыў магістратуру.Пасля ўніверсітэта Дзяніс працаваў судовым экспертам ва ўпраўленні дзяржкамітэта судовых экспертыз па Гродзенскай вобласці. Яго веды ў лінгвістыцы спатрэбіліся для правядзення фанетычных экспертыз — ідэнтыфікацыі чалавека па голасе і маўленні.
У аспірантуру Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Акадэміі навук Беларусі хлопец паступіў на завочнае. У інстытуце расказваюць, што ён пабыў у іх нядоўга. Праз хваробу займацца навукай яму было няпроста. Таму Дзяніс і вырашыў забраць дакументы.
Кажуць, нядаўна хлопцу рабілі аперацыю. Пасля яе юнак і не змог аднавіцца.
У сацыяльных сетках у Дзяніса ўсяго з дзясятак сяброў. Па словах блізкіх, у афлайне ў яго было многа прыяцеляў, толькі апошнім часам пад уплывам хваробы хлопец стаў больш замкнёны.
На развітанне з ім прыйшлі і сябры, і калегі, і настаўнікі, і былыя аднакласнікі. Усе адгукаюцца пра яго як пра добрага чалавека.
«Камяк нерваў, які шукае кампанію сярод кніг і якаснага кіно», — пакінуў допіс у графе «пра сябе» ў сацыяльных сетках былы аспірант.
Дзяніс быў адзіным дзіцем у сям'і, і для бацькоў страта сына стала страшным ударам.