У Беларусі, падобна, затрымалі кіраўнікоў усіх буйных цукровых прадпрыемстваў. Чарговы дзень на працы адсутнічаў дырэктар Скідальскага цукровага камбінату Дзьмітры Ягораў. Што гавораць у горадзе? Даведвалася С**бода.
«Увогуле няма ніякай інфармацыі»
Дзьмітры Ягораў узначальвае Скідальскі цукровы камбінат з 2006 году. Яму 48 гадоў.
Намесьнік генэральнага дырэктара Скідальскага цукровага камбінату Аляксандар Пазнанскі пракамэнтаваў зьнікненьне Дзьмітрыя Ягорава так: «Няма яго на працы. Увогуле няма ніякай інфармацыі».
— Ён у плянавым адпачынку або проста зьнік?
— Няма ніякай інфармацыі.
— Ніякіх здагадак, дзе ён можа быць?
— Ня ведаю. Цяжка… Камэнтаваць нічога ня хочацца, бо няма на працы яго.
— Вы можаце зьняпраўдзіць чуткі, што яго затрымалі?
— Каб абвяргаць, патрэбна якаясьці інфармацыя. Калі няма інфармацыі, нешта пракамэнтаваць цяжка.
Паводле Пазнанскага, абавязкі генэральнага дырэктара ні на кога іншага не ўскладалі. Праца ідзе ў ранейшым рэжыме.
Намесьніца старшыні Скідальскага гарвыканкаму Алена Рэкець сказала, што нічога ня можа патлумачыць з нагоды зьнікненьня Ягорава.
«Я чытала, што яго арыштавалі»
У Скідалі пра зьнікненьне кіраўніка горадаўтваральнага прадпрыемства ведаюць.
«Можа, уцёк за мяжу? — выказвае здагадку адна з жанчын на аўтобусным прыпынку. — Дык яны што, згаварыліся ўсе ўчатырох [дырэктары цукровых заводаў] ці што?».
«Я чытала, што яго арыштавалі», — дадае другая.
«Я ў суботу ў лазьні быў з супрацоўнікамі цукровага заводу. Яны нічога не казалі», — кажа хіба адзіны зьдзіўлены пытаньню жыхар Скідалю.
«Ён нікому нічога кепскага не зрабіў»
«Ён у Менск паехаў на тым тыдні. Прыехаў ці не… А пасьля таго я ня ведаю, дома ён ці не. Бачыш часам — ходзіць чалавек», — кажа пара, што вяртаецца ўвечары дахаты па вуліцы, дзе жыве дырэктар цукровага камбінату.
Суседзі характарызуюць Ягорава як добрага чалавека.
«Я пра яго нічога кепскага не скажу, — гаворыць ягоная суседка, якая не працуе на цукровым камбінаце. — Ён нікому нічога кепскага не зрабіў. Заўсёды хадзіў, вітаўся. Колькі мы тут жывём, ніхто нічога кепскага пра яго ня скажа. Добрыя людзі. Для нас гэта [зьнікненьне] дзіўна. Па вечарах у доме сьвятло гарыць».
На пытаньне, ці Ягорава вінавацілі людзі ў выбуху 2017 году, калі загінулі 4 жанчыны, жанчына адказвае адмоўна. Маўляў, ён тады адсутнічаў на працы некалькі тыдняў, яго не маглі абвінаваціць.
Суседзі кажуць, што дырэктар на працу і з працы хадзіў пешкі.
«Хто ведае? Ва ўсёмагутных нашых пытайцеся. Калі ходзіць з працы і на працу, мы бачым яго. Тое, што ў інтэрнэце пішаце, тое і ведаем. Нармальны чалавек. Безумоўна, людзі зьдзіўленыя. Як так можна? Трыццаць сёмы год, ці што?», — кажа яшчэ адзін сусед пра таямнічае зьнікненьне.
«Мы нават не ўяўляем, што ён зьнік. Напісалі „ў Менску“, значыць, у Менску. Ён часта бывае ў сталіцы», — працягвае суседка сваю вэрсію, дзе можа знаходзіцца Ягораў.
Юры, сусед, якія працуе на цукровым заводзе, кажа, што ў яго таксама няма ніякай інфармацыі.
«Усё, што пішуць у інтэрнэце, тое я ведаю», — кажа ён.
«Гэта не ад нас залежыць»
Дом Ягоравых знаходзіцца за 10−15 хвілінаў хады ад цукровага камбінату, у новым раёне з катэджамі, які так і называюць: «Цукровы завод». Двухпавярховы цагляны катэдж месьціцца ў канцы вуліцы. Побач некаторыя дамы яшчэ не дабудавалі і не засялілі.
Дзьмітры жыве з жонкай Сьвятланай, якая таксама працуе на цукровым камбінаце. Іхны сын жыве асобна, у Менску. Увечары ў доме сапраўды гарыць сьвятло. У двары стаіць Audi. На доме вісяць відэакамэры. Фортка зачыненая на замок, званка няма. На стук у браму з дому ніхто ня выйшаў.
Ягоныя бацькі жывуць амаль каля самога заводу, у аднапавярховым доме на некалькі кватэраў. Суседзі пра месца знаходжаньня Дзьмітрыя Ягорава нічога ня ведаюць.
Дзьверы кватэры Ягоравых адчыняе пажылы мужчына, пэўна, бацька Дзьмітрыя Ўладзімер. Выглядае заклапочаным. Чуваць, што побач зь ім да дзьвярэй выйшла жонка.
Пасьля словаў пра тое, што пра Дзьмітрыя Ягорава даўно няма ніякіх зьвестак, гаспадар коратка адказаў:
«Гэта не ад нас залежыць» і зачыніў дзьверы.
Скідальскі цукровы камбінат за 2018 год мае чыстыя страты на 10 мільёнаў рублёў, а за 2017 год меў іх на 18 мільёнаў. Мае да таго ж на 122 мільёны крэдытаў.
Інфармацыя пра імавернае затрыманьне дырэктара Гарадзейскага цукровага камбінату Міхаіла Крыштаповіча зьявілася ў суботу 24 студзеня. Як мяркуецца, ён быў адным з пасажыраў рэйсу «Белавія» зь Менску ў Мюнхэн, якіх зьнялі з самалёта ў Горадні. Разам з Крыштаповічам у самалёце быў таксама ягоны калега, дырэктар Слуцкага цукровага заводу Мікалай Пруднік. Нібыта таго таксама затрымалі. Не было на працоўным месцы ў панядзелак і дырэктара цукровай фабрыкі ў Жабінцы Віктара Міронава. Пра ягонае затрыманьне паведамляюць мясцовыя СМІ. Кіраўніка цукровага заводу ў Скідалі Дзьмітрыя Ягорава таксама ў панядзелак на працоўным месцы не аказалася.