З 30 студзеня 2020 года на вуліцы Маставой, 37 у будынку Прыёрбанка ў Гродне пачынае сваю работу першы бізнес-інкубатар горада. Адкрыццё адбудзецца ў 10.30, паведамляе rgazeta.by.
Бізнес-інкубатар — гэта арганізацыя, якая займаецца падтрымкай пачаткоўцаў-прадпрымальнікаў на этапах развіцця і станаўлення. Кансультацыі экспертаў, навучанне маркетынгу, продажам, рэкламе, нават арэнда офісаў і некаторая фінансавая падтрымка — з усім гэтым могуць вам дапамагчы бізнэс-інкубатары.
Бізнес-інкубатары нарошчваюць уласную сетку з аднадумцаў, людзей з розных сфер (фінансавая, юрыдычная, інфармацыйная, тэхнічная), але пры гэтым з аднаго кірунку (усе яны, так ці інакш, працуюць над адной тэмай, спецыфікай).
Сёння ў Беларусі дзейнічае 26 бізнес-інкубатараў. Усе яны з’яўляюцца інфраструктурай для падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.